Белорусский портал в Казахстане

Фестываль "Каложскі благавест" аб`ядноўвае людзей і пакідае добры след у жыцці кожнага ўдзельніка



Такое меркаванне 19 лютага на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця XIII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест" выказаў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

Адкрываючы "Каложскі благавест", архіепіскап Арцемій адзначыў, што фестываль стаў вельмі значнай падзеяй не толькі для Гродзенскай праваслаўнай епархіі, але і ўсёй праваслаўнай супольнасці Беларусі. "Мы называем наш фестываль духоўнай вясной. Але не толькі таму, што традыцыйна праводзім яго напярэдадні Вялікага посту, які вернікі ўспрымаюць як вясну, духоўнае адраджэнне. Гэта вясна, таму што песнапенні - самая непасрэдная малітва, прамы зварот чалавека да Бога, які часта немагчыма растлумачыць простай чалавечай мовай, але можна апець у музыцы. Гэта глыбокая духоўнасць, імкненне да Бога - у ім увесь сэнс богаслужэння. І адбітак гэтай духоўнасці немінуча застаецца на кожным удзельніку і слухачы фестывалю", - сказаў архіепіскап. Ён выказаў упэўненасць, што "Каложскі благавест" пакіне добры след у жыцці кожнага верніка і культурным жыцці беларускага грамадства. "Фестываль аб`ядноўвае ўсіх - дарослых, пажылых, маладых, дзяцей - і робіць нас дзецьмі адной царкоўнай сям`і, аднаго духоўнага брацтва", - дадаў архіепіскап.

Намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік зачытаў прывітанне міністра культуры арганізатарам і ўдзельнікам фестывалю. У інтэрв`ю журналістам ён адзначыў, што па значнасці для рэспублікі і Гродзенскай вобласці "Каложскі благавест" перасягае многія культурныя падзеі. "У нас у краіне няшмат фестываляў духоўнай накіраванасці. І па міжнародным прадстаўнiцтве, узроўні выканальніцкага майстэрства, духоўнай значнасці гродзенскі фестываль вельмі высокі. Тое, што ён праходзіць ужо трынаццаты раз і карыстаецца вялікай папулярнасцю як у гродзенскіх слухачоў, так і ў гасцей, у саміх свецкіх і царкоўных выканальніцкіх калектываў з розных краін, сведчыць аб яго вялікай актуальнасці. Да нас хочуць прыязджаць, і мы хочам слухаць, узбагачацца пеўчай духоўнай культурай іншых краін. Гэта сёння вельмі важна, асабліва на фоне тых разбуральных бездухоўных працэсаў, што адбываюцца ў многіх, у тым ліку суседніх, краінах", - сказаў Васіль Чэрнік.

Урачыстая цырымонія адкрыцця міжнароднага пеўчага форуму прадоўжылася канцэртам. На сцэне выступіў хор свяшчэннаслужыцеляў Гродзенскай епархіі, а таксама ўладальнік Гран-пры мінулагодняга фестывалю хор студэнтаў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам С.Калініна.

20 лютага ў Гродне пачынаюцца конкурсныя праслухоўванні харавых калектываў, а таксама пазаконкурсных канцэртаў.

У бягучым годзе ў фестывалі прымаюць удзел 37 пеўчых калектываў з шасці краін. Акрамя беларускіх хораў і ансамбляў, гэта чатыры калектывы з Расіі, два з Украіны, тры з Польшчы, па адным калектыве з Румыніі і Арменіі.

Урачыстае закрыццё фестывалю адбудзецца 22 лютага. Чакаецца, што ў ім прыме ўдзел мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павел.

У гэтым годзе "Каложскі благавест" праходзіць у рамках акцыі "Гродна - культурная сталіца Беларусі".

20 лютага 2014, Гродна
Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/816/25125
Текущая дата: 16.11.2024