Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі зацвердзіў крытэрыі аднясення аб`ектаў да ліку тых, якія падлягаюць абавязковаму абсталяванню сродкамі сістэмы відэаназірання за станам грамадскай бяспекі



Адпаведная пастанова № 1164, апублікаваная 5 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, увайшла ў сілу 1 студзеня 2014 года.

Дакумент прыняты на падставе ўказа прэзідэнта ад 28 лістапада 2013 года № 527 "Аб пытаннях стварэння і прымянення сістэмы відэаназірання ў інтарэсах забеспячэння грамадскага парадку".

Відэаназіранне ўводзіцца ў месцах правядзення масавых  мерапрыемстваў, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама на тых аб`ектах, дзе магчыма адначасовае знаходжанне 100 і больш чалавек.

Да аб`ектаў, якія падлягаюць абавязковаму абсталяванню сродкамі сістэмы відэаназірання, аднесены тыя, што ўяўляюць "павышаную тэхнагенную і экалагічную небяспеку, умоўна ўразлівыя ў дыверсійных адносінах, у тым ліку якія ажыццяўляюць захоўванне і (або) эксплуатацыю радыенуклідных крыніцаў".

Відэаназіранне павінна абавязкова весціся таксама на наступных аб`ектах: стацыянарных гандлёвых, у тым ліку грамадскага харчавання і прыдарожнага сэрвісу; відовішчных (дыскатэкі, культурна-забаўляльныя (начныя) клубы); устаноў адукацыі і аховы здароўя, турыстычных; фізкультурна-спартыўных з прадугледжанай умяшчальнасцю 100 і больш месцаў, а таксама ў гатэлях і інтэрнатах.

Відэаназіранне абавязковае на аўтамабільных дарогах на ўездзе ў Мінск, адміністрацыйныя цэнтры абласцей і раёнаў, гарады абласнога і раённага падпарадкавання і на выездах з іх. Асобна прапісана абавязковае абсталяванне відэаназіраннем на аб`ектах метрапалітэна, аўтамабільнага, чыгуначнага, воднага і паветранага транспарту (аэрапорты, вакзалы, станцыі, стаянкі, пасадачныя платформы, вестыбюлі, тунэлі, пешаходныя пуцеправоды).

Яшчэ адной пастановай (№ 1163), якая таксама ўвайшла ў сілу 1 студзеня, урад зацвердзіў палажэнне аб парадку давання інфармацыі, зафіксаванай сістэмай відэаназірання за станам грамадскай бяспекі. Гэтым жа дакументам вызначаны памер платы за даванне відэаінфармацыі — адна базавая велічыня.

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 5 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/821/24597
Текущая дата: 16.11.2024