Белорусский портал в Казахстане

Нарада з удзелам Лукашэнкі па пытаннях развіцця дрэваапрацоўкі адбудзецца 31 студзеня



Аляксандр Лукашэнка 30 студзеня прыняў з дакладам прэм`ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся сітуацыяй на прадпрыемствах, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Як было, так і застаецца пытанне рэалізацыі нашай прадукцыі. Зразумела, што гэта валюта, зразумела, крый божа нам паўтарыць нават леташнюю сітуацыю, што адбіваецца і на грашова-крэдытнай палітыцы, і на валютным рынку. Таму што адбылося на прадпрыемствах, якія выклікалі ў нас трывогу? Збіранне ці зніжэнне адбылося складскіх запасаў, асабліва, што адбываецца паводле аператыўных звестак у студзені?" — запытаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што заўтра адбудзецца нарада па пытаннях развіцця дрэваапрацоўчай галіны. Ён папярэдзіў чыноўнікаў, якія запрошаны на мерапрыемства і рыхтуюць даклады, пра недапушчальнасць прыхарошвання сітуацыі і звядзення гутаркі ад галоўнай тэмы ўбок.

"Для нас вельмі важна, каб гэты сектар працаваў, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Рана ці позна мы ўсё адно запусцім гэтыя прадпрыемствы як патрэбна. Галоўнае пытанне — рэалізацыя прадукцыі. І сёння гэта павінны быць не намеры ў прадпрыемстваў, а канкрэтна прапрацаваныя калі не кантракты, то перадкантрактныя прапановы. Гэта вельмі важна. Таму што мы вырабім велізарную колькасць прадукцыі, і нам яе няма куды будзе падзець".

"Я ведаю пра варушэнні ва ўрадзе, міністэрстве, канцэрне і на прадпрыемствах: вось тут прэзідэнту мы павінны паказаць, каб усядзець у крэсле. Міхаіл Уладзіміравіч, я ведаю вельмі дэталёва, што адбываецца на кожным прадпрыемстве. Таму папярэдзьце, каб гэтай манілаўшчыны не было. І, вядома, дрэнна, што мы не ў Віцебску праводзім гэтае мерапрыемства, але пра гэта мы заўтра пагаворым", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да прэм`ер-міністра.

Нагадаем, улады Беларусі плануюць, што ў 2014 годзе праграма мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны Беларусі будзе завершана. Аб`ём інвестыцый у гэтыя праекты в канцэрне "Беллеспаперапрам" складае 1 млрд. еўра, а з улікам праектаў, якія рэалізуюцца замежнымі інвестарамі, — больш як 2 млрд. Пра гэта, у прыватнасці, заявіў Мясніковіч 29 снежня падчас наведвання ААТ "Мастаўдрэў".

Прэм`ер тады адзначыў, што на ўсіх аб`ектах дрэваапрацоўкі актывізавана праца будаўнікоў, мантажнікаў. "Замоўцы працуюць у цесным кантакце з замежнымі фірмамі, якія пастаўляюць абсталяванне і будуць ажыццяўляць яго запуск у эксплуатацыю. Напружанне, якое створана на прадпрыемствах, дазваляе разлічваць на завяршэнне мадэрнізацыі ва ўстаноўленыя кіраўніком дзяржавы тэрміны", — сказаў кіраўнік урада. Так, паведаміў ён, завершаны праекты па стварэнні плітных матэрыялаў у ААТ "Івацэвічдрэў", "Віцебскдрэў", "Барысаўдрэў", кампаніях "Кронаспан" і "Вакару груп". На стадыі завяршэння знаходзіцца праект па стварэнні мэблевай вытворчасці ў ААТ "Магілёўдрэў".

Як запэўніў прэм`ер-міністр, пасля крытыкі прэзідэнтам ходу мадэрнізацыі прадпрыемстваў зроблены высновы. "Мабілізавана праца па навядзенні парадку на тэрыторыі, прынята дарожная карта завяршэння мадэрнізацыі і забеспячэння эфектыўнага развіцця галіны. Ход выканання ўзяты на жорсткі кантроль ва ўрадзе. Важнымі пунктамі стала стварэнне збытавай стратэгіі (будзе створаны галіновы аператар), удасканаленне бізнес-планавання, крэдытаванне арганізацый і ўмацаванне кадравага патэнцыялу галіны", — сказаў Мясніковіч.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 30 студзеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/826/24839
Текущая дата: 27.12.2024