Белорусский портал в Казахстане

Беларускі архітэктурны тыдзень у краіне пройдзе 7-13 кастрычніка



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі.

Для павышэння цікавасці грамадства да дасягненняў, праблем і вытокаў сучаснай архітэктуры ведамства другі раз ініцыіруе правядзенне ў краіне Беларускага архітэктурнага тыдня. Акцыя прымеркавана да Сусветнага дня архітэктуры.

У гэтым годзе праграма мерапрыемстваў прадугледжвае правядзенне ў Мінску і ў рэгіёнах архітэктурных пленэраў "Зазірнуць у будучыню" - гэта дэманстрацыя праектаў (макеты, малюнкі, 3D-макеты і г.д.), над якімі працуюць мясцовыя архітэктары. Таксама пройдуць Дні адкрытых дзвярэй у праектных інстытутах і творчых майстэрнях па ўсіх рэгіёнах краіны. "У беларусаў з`явіцца магчымасць паглядзець з экскурсіяй цікавыя з архітэктурнага пункту гледжання аб`екты, звычайна закрытыя для наведвальнікаў. Так, у Мінску экскурсіі пройдуць у культурна-спартыўным комплексе "Мінск-Арэна" і ў офісе Беларускай калійнай кампаніі", - адзначылі ў прэс-службе. Таксама ў плане мерапрыемстваў - сустрэча кіруючых работнікаў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва з вучнямі мінскіх гімназій.

Акрамя таго, ведамства сумесна з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі правядзе адкрыты конкурс дзіцячага малюнка "АрхНавацыя-2013". Гэтымі днямі пройдзе і такое прафесійнае мерапрыемства, як рэспубліканскі архітэктурна-горадабудаўнічы савет на тэму "Новыя падыходы да фарміравання забудовы буйных гарадоў раёнаў на прыкладзе конкурсных работ на тэму "Архітэктурная канцэпцыя развіцця раёна "Мінск-Сіці".

Арганізатарам Беларускага архітэктурнага тыдня выступае Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Акцыя пройдзе пры падтрымцы Мінгарвыканкама, аблвыканкамаў і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Сусветны дзень архітэктуры быў заснаваны Міжнародным саюзам архітэктараў (МСА). У 1985 годзе на сходзе МСА было вырашана штогод святкаваць Сусветны дзень архітэктуры ў першы панядзелак ліпеня. У 1996 годзе на 20-й Генеральнай асамблеі ў Барселоне саюз архітэктараў прыняў рэзалюцыю аб пераносе святкавання Сусветнага дня архітэктуры на першы панядзелак кастрычніка. У гэты дзень пад патранажам Арганізацыі Аб`яднаных Нацый адзначаецца Сусветны дзень жылля.

7 кастрычніка 2013, Мінск
Кацярына Марковіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/828/23691
Текущая дата: 16.11.2024