Белорусский портал в Казахстане

Чароўнасць і авантурызм панавалі ў ноч на стары Новы год у Вялікім тэатры Беларусі



У галоўным музычным тэатры краіны давалі пяты Вялікі навагодні баль.

Чароўнасць і авантурызм панавалі ў ноч з 13 на 14 студзеня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ў Беларусі.

Пачалося свята з ушанавання пераможцаў Навагодняй тэатральнай прэміі, заснаванай ЗАТ "БелСвісБанк" і Вялікім тэатрам. Па выніках 2013 года ўзнагарод былі ўдастоены Васіль Кавальчук (саліст оперы), Канстанцін Геронік (саліст балета), Уладзімір Судноўскі (артыст аркестра), Зоя Смірнова (артыстка хора), Генадзь Кулінковіч (артыст кардэбалета).

Пасля афіцыйнай часткі пад музыку Пятра Чайкоўскага, Дзмітрыя Шастаковіча і Арама Хачатурана госці перанесліся ў эпоху Рускага балю. Паланэз, вальс-мазурка і полька закружылі больш чым 150 пар. З году ў год колькасць жадаючых атрымаць эстэтычнае задавальненне ад сузірання старадаўніх па і дакрануцца да адраджэння танцавальнай традыцыі расце. Кожны, хто набыў білет на святочны вечар загадзя, змог бясплатна спасцігнуць тонкасці бальнага мастацтва. У гэтым годзе жадаючых навучацца было так шмат, што ўдзельнікаў давялося падзяліць на некалькі груп. Больш за два месяцы яны спасцігалі прамудрасці харэаграфіі, каб затым выдатна выступіць. Кавалеры і іх дамы дэманстравалі складанасці танцавальных фігур у час праграм Княжацкага і Венскага баляў.

Гасцей чакалі і свецкія забавы - творчыя конкурсы, тэматычныя салоны. Зрабіць здымак на памяць побач з Джоні Дэпам, Рычардам Гірам і Джорджам Клуні прапаноўвалася ў фотасалоне, вызначыць прыналежнасць да дваранскага роду можна было ў гістарычным кутку, а даведацца, што наканавана лёсам, - у салоне "Будучае". Ацаніць сваё мастацтва запрашалі лялечных спраў майстры з Беларусі і Літвы. Жадаючыя маглі набыць на памяць фігуркі ручной работы. Цана эксклюзіўных Дзеда Мароза, Снягурачкі і Салодкіх фей вар`іравалася ад $500 да $1500.

Як заўсёды, музычныя падарункі паднёс і канцэрт-сюрпрыз. У гэтым годзе публіку з Новым годам па старым стылі павіншавалі оперныя спевакі ў вобразе сусветных зорак. "У гэтым годзе мы нечаканыя і незвычайныя, - гаворыць рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Галкоўская. - У гэтым канцэрце выконваецца рэпертуар, які не характэрны для оперы. Мы знайшлі сваіх Фрэдзі Мерк`юры, Мірэй Мацье, Мансерат Кабалье і нават Мікалая Баскава". У новыя для сябе вобразы пераўвасабляліся народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Таццяна Гаўрылава, Алена Таболіч, Міхаіл Пузанаў, уладальніца медаля Францыска Скарыны Алена Сало, заслужаная артыстка Беларусі Настасся Масквіна і інш.

Традыцыйна канцэрт-узнагароджанне сабраў на галоўнай музычнай сцэне краіны салістаў оперы, артыстаў хору і балета тэатра. "У гэтым годзе мы вырашылі падзякаваць тым людзям, якія на працягу пяці гадоў аддана служылі гэтаму балю. Звычайна на заканчэнне мы віншавалі гледачоў, а цяпер зрабілі наадварот: гледачы апладзіруюць тым, хто часта схаваны ад вачэй і застаецца за кулісамі", - дадае Галіна Галкоўская.

Усю ноч сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам дырыжораў Андрэя Галанава, Андрэя Іванова, Івана Касцяхіна і Алега Лесуна напаўняў тэатр музыкай. "Юбілейны баль правакуе на тое, каб мы дазволілі сабе таленавіта пажартаваць. Усе праграмы робяцца асабліва тэатралізавана, у іх вельмі шмат гумару і настальгіі", - адзначае рэжысёр-пастаноўшчык. У гэтым годзе разнастаіць вольны час гледачы маглі пад лёгкі джаз і рускія песні 30-40-х гадоў ХХ стагоддзя.

Магія навагодняй ночы ў Вялікім тэатры оперы і балета рассеялася толькі пад раніцу.

14 студзеня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/829/24661
Текущая дата: 26.12.2024