Белорусский портал в Казахстане

Больш за 70 святочных мерапрыемстваў пройдуць у Мінску ў Дзень горада



Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама.

Больш за 70 святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада, пройдуць у Мінску з 13 па 15 верасня, у тым ліку каля 50 - у раёнах горада.

Пралогам да свята стане цырымонія ўручэння ўзнагарод "Лепшы па прафесіі" па выніках гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства "Мінскі майстар", якая адбудзецца 13 верасня ў Палацы культуры прафсаюзаў. Таксама сёння ў Мінскай гарадской ратушы будуць ушаноўваць мінчан, якія прымаюць актыўны ўдзел у ахове парадку і прафілактыцы правапарушэнняў.

Галоўныя ўрачыстасці пройдуць 14 верасня. У гэты дзень Мінск адзначае 946-годдзе з даты першага згадвання ў "Аповесці мінулых гадоў" у 1067 годзе. Дэвіз свята ў гэтым годзе - "Мой Мінск - мая сталіца, мой лёс, маё жыццё". Да Дня горада ў сталіцы прымеркавана адкрыццё аб`ектаў сацыяльнай інфраструктуры.

У гэтым годзе акцэнты свята перанесены з цэнтральнай часткі Мінска ў раёны горада. Мерапрыемствы пройдуць у асноўным у паркавых зонах, у тым ліку ў Лошыцкім парку, парку імя Паўлава, на тэрыторыі студэнцкай вёскі. Таксама арганізатары ўрачыстасці адмовіліся ад вялікіх сцэнічных пляцовак вакол Палаца спорту, парку Перамогі (там пройдзе раённае свята).

14 верасня свята адкрыецца ўрачыстым ускладаннем кветак да стэлы "Мінск - горад-герой". Пасля завяршэння цырымоніі воінам-інтэрнацыяналістам уручаць ключы ад аўтамабіляў з ручным кіраваннем у гонар 20-годдзя з дня ўтварэння ГА"Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане".

Прадоўжыць праграму цырымонія ўручэння ўзнагарод "Мінчанін года" ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета. На плошчы каля тэатра вечарам запланаваны творчы праект у 3D-фармаце.

На тэрыторыі Верхняга горада традыцыйна актыўна адзначаецца галоўнае сталічнае свята. Тут будзе адноўлена атмасфера эпохі канца 18 - пачатку 19 стагоддзя. Гасцей свята чакаюць выступленні вулічных музыкантаў, старадаўнія беларускія гульні, танцы, выстаўкі работ рамеснікаў. Будуць арганізаваны дзіцячы мастацкі пленэр "Мінск - ты маё натхненне", тэматычная кніжная выстаўка, прэзентацыя новых твораў беларускіх пісьменнікаў, прысвечаных Мінску, сумесна з выдавецтвамі і Мінскім гарадскім аб`яднаннем "Саюз пісьменнікаў Беларусі", буккросінг.

На Ратушнай плошчы запланавана праграма ў рамках музычна-турыстычнага сезона, які завершыцца ў Дзень горада. Тут жа адбудзецца адкрыццё англамоўнай версіі экскурсійнага аўтобуса, які будзе рухацца па маршруце нумар 1, запланаваны аглядныя экскурсіі па Мінску. Увечары каля Мінскай гарадской ратушы прагучаць песні пра Мінск у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Традыцыйна ў канцэртнай зале "Верхні горад" пройдзе шлюбная цырымонія для дзевяці пар з усіх раёнаў Мінска. У гарадской ратушы адкрыецца музейная экспазіцыя "Картаграфічны кабінет", на якой будуць прадстаўлены карты з першым згадваннем Мінска, а таксама карты сталіцы і яе мясцовасці 19-20 стагоддзяў, план горада 1800 года.

Захапляючая праграма чакае мінчан і гасцей свята на зялёнай зоне ўздоўж праспекта Пераможцаў паміж стэлай "Мінск - горад-герой" і Палацам спорту. Тут пройдзе фестываль гістарычнай рэканструкцыі. Мерапрыемствы фестывалю адновяць атмасферу высакароднага сярэдневяковага рыцарства, гераічную абстаноўку ваенных лагераў Першай і Другой сусветных войнаў. Фінальнай кропкай стане канцэртная праграма з удзелам ансамбля сярэдневяковай музыкі і фаер-шоу.

На пляцоўцы каля Палаца спорту пройдзе трэці фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі "Мастацтва жыць, тварыць мастацтва". У раёне Палаца спорту рыхтуецца таксама свята спорту "Мінск - горад спартыўных традыцый", які прадугледжвае паказальныя выступленні выхаванцаў сталічных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.

Акрамя таго, на пляцоўцы каля Палаца спорту будуць падведзены вынікі рэспубліканскай акцыі "Тыдзень спорту і здароўя". У праграме запланаваны прэзентацыі работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, а таксама ўзнагароджанне ўдзельнікаў рэгіянальных этапаў Рэспубліканскай лігі па міні-футболу сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, маладзёжны флэшмоб "Танцуй, Беларусь!". На лыжаролернай трасе па праспекце Пераможцаў пройдзе лёгкаатлетычная эстафета сярод школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў у праграме лёгкаатлетычнага прабегу "Кубак мэра горада". На рацэ Свіслач пройдуць адкрытыя гарадскія спаборніцтвы па веславанню на байдарках і каноэ. Спартыўную праграму дапоўняць спаборніцтвы адкрытага кубка Мінска па баскетболу на інвалідных калясках, якія пройдуць 14-15 верасня на веладроме комплексу "Мінск-Арэна".

Незвычайна яркай будзе пешаходная вуліца Карла Маркса, на якой пройдуць фінальныя мерапрыемствы праекта "Вулічны тэатр у Мінску". Карнавальным шэсцем ад Міхайлаўскага сквера да пешаходнай вуліцы пройдуць артысты з Беларусі і краін блізкага замежжа, якія працуюць у жанрах буфанады, клаўнады, інтэрактыўнага і эксперыментальнага пластычнага тэатра. На самой вуліцы Карла Маркса ў мінчан будзе магчымасць прыняць удзел у майстар-класах тэатральнага майстэрства.

У Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе 14 верасня адбудзецца свята народнай творчасці "Лошацкі фэст" і выстаўка-кірмаш "Горад майстроў". У канцэртнай праграме прымуць удзел творчыя калектывы і выканаўцы, якія перамаглі ў гарадскім фестывалі самадзейнай творчасці "Сузор`е". У парку імя Горкага адбудзецца адкрыццё фестывалю нацыянальных культур.

У Дзень горада асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца правядзенню цікавых для моладзі мерапрыемстваў. Так, у студэнцкай вёсцы пройдзе канцэрт з удзелам маладых выканаўцаў і групы, будзе гучаць альтэрнатыўная музыка. Кульмінацыяй канцэрта стане выступленне групы "Без білета". Тут жа падвядуць вынікі фотаконкурсу "Мая сталіца - Мінск", арганізаванага Мінскай гарадской арганізацыяй БРСМ.

Для маленькіх мінчан цікавыя і вясёлыя мерапрыемствы пройдуць на пляцоўках каля Палаца дзяцей і моладзі, Дзіцячай чыгункі і ў паркавых зонах. Тэматычныя мерапрыемствы прадугледжаны 14-15 верасня і ў сталічных установах культуры, музеях, кінатэатрах, клубах.

У месцах масавых гулянняў будуць распаўсюджвацца флаеры з планам-схемай усіх запланаваных у Дзень горада мерапрыемстваў. Больш падрабязны план мерапрыемстваў размешчаны на сайце Мінгарвыканкама. Гісторыя свята ідзе з 2001 года, калі другія выхадныя верасня сталі лічыцца Днём горада Мінска.

13 верасня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/831/23397
Текущая дата: 16.11.2024