Белорусский портал в Казахстане

На беларуска-ўкраінскай мяжы затрыманы малдаванін з фальшывым пашпартам і казах без пашпарта



Парушальнікі знаходзяцца ў ІЧУ.

26 верасня ў пункце пропуску "Новая Гута" пагранічны атрад па праверцы дакументаў выявіў грамадзяніна Малдовы, які паказаў дакумент для перасячэння мяжы з прыкметамі частковай падробкі. Далейшая праверка ўстанавіла, што ў пашпарт устаўлены чатыры падробленыя старонкі і старонка з установачнымі звесткамі прад`яўніка.

Як паведаміў прэс-сакратар Гомельскай памежнай групы Дзмітрый Уклейка, у зламысніка знайшлі і яго сапраўдны пашпарт. Малдаванін растлумачыў, што за парушэнні заканадаўства ўезд на тэрыторыю Беларусі яму быў абмежаваны. Ведаючы гэта, ён у сябе на радзіме купіў іншы пашпарт, па якім і меў намер перасячы мяжу. Парушальнік затрыманы і знаходзіцца ў ІЧУ, вырашаецца пытанне пра распачынанне крымінальнай справы.

Таксама 26 верасня ў раёне чыгуначнай станцыі Краўцоўка Гомельскага раёна пагранічным нарадам быў затрыманы грамадзянін без дакументаў, якія сведчаць асобу. Каб незаконна перасячы мяжу, яму не хапіла некалькіх соцень метраў. Паводле слоў затрыманага, ён з`яўляецца грамадзянінам Казахстана, яму 36 гадоў, і свой пашпарт ён згубіў на тэрыторыі РФ. Ведаючы, што без пашпарта ў пункце пропуску перасячы мяжу немагчыма, ён вырашыў ісці цераз лес, каб трапіць ва Украіну, дзе хацеў знайсці працу. Ён змешчаны ў ІЧУ.

Алена Германовіч, БелаПАН
Гомель, 27 верасня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/831/23544
Текущая дата: 16.11.2024