Белорусский портал в Казахстане

У Мірскім замку пройдуць калядныя балы для дзяцей і дарослых



Пра гэта паведамілі ў дырэкцыі музея.

Стылізаваныя калядныя балі другі год запар праводзяцца ў музеі ў пачатку студзеня. "Мірскі баль" у Партрэтнай зале 3 студзеня дасць магчымасць гасцям акунуцца ў рамантыку эпохі, калі балі былі неад`емнай часткай свецкага жыцця. Госці правядуць вечар ля Каляднай ёлкі пад гукі вальса і паланэза, будуць гуляць у свецкія, настольныя і рухавыя гульні. Дамы на гэтым вечары павінны быць у вячэрняй сукенцы, а мужчыны - у касцюме. А 4 студзеня ў замку адкрыецца рэтра-салон XX стагоддзя. У праграме іскрамётныя танцы пад жывое гучанне джаз-бэнда, фотаздымкі ў інтэр`еры 20-30-х гадоў, прагляд нямога кіно, пачастунак і начная экскурсія па раскошных залах. Па выніках вечара будзе вызначана самая стыльная і элегантная пара, якую чакае сюрпрыз.

Дзіцячы Калядны баль пройдзе 5 студзеня ў Сталовай зале. Гасцей ад 6 да 13 гадоў чакаюць танцы, гульні, падарункі і казачны паказ з удзелам княгіні, гаспадыні замка і свецкіх дам.

Як падкрэслілі ў музеі, калядныя мерапрыемствы разлічаны на пэўную колькасць людзей і вельмі папулярныя. Так, на дзіцячы баль білеты практычна ўжо раскуплены.

Таксама напярэдадні навагодніх свят у Мірскім замку прадставяць унікальную экспазіцыю адзення і аксесуараў.

Выстаўка "Дух часу і раскошы: мода і стыль 1820-1920 гадоў" з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага адкрыецца 20 снежня ў Слановай зале. На ёй можна будзе ўбачыць вячэрнія, бальныя, вясельныя сукенкі, абутак, упрыгажэнні і аксесуары, у якіх жанчыны Парыжа, Лондана, Вены, Прагі і Нью-Ёрка пакаралі сэрцы мужчын. Выстаўка стане выдатным упрыгажэннем замка ў перыяд зімовых свят, адзначылі ў музеі.

17 снежня 2013, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/831/24463
Текущая дата: 26.12.2024