Белорусский портал в Казахстане

Выстаўка работ вядомага беларускага фатографа Юрыя Іванова "Паміж белым і чорным



Фотарэтраспектыва гісторыі Беларусі канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя" адкрываецца сёння ў віцебскім Мастацкім музеі, паведамілі ва ўстанове культуры.

"Выстаўка дасць магчымасць дакрануцца да яркіх, а часам і ўнікальных фотафактаў гісторыі і культуры Беларусі. Экспазіцыя складаецца з 230 здымкаў, аб`яднаных у 14 тэматычных блокаў. На фатаграфіях адлюстраваны важныя гістарычныя падзеі, яркія з`явы, вядомыя прадстаўнікі гісторыі і культуры Беларусі пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя і да нашых дзён", - растлумачылі ў музеі.

Юрый Іваноў працаваў у Агенцтве друку "Навіны" (Масква) на пасадзе ўласнага карэспандэнта па Беларусі: быў фотакарэспандэнтам БЕЛТА, выдавецтва "Беларусь", Агенцтва друку "Навіны", РІА "Весткі" і РІА "Навіны"; быў загадчыкам бюро РІА "Навіны" ў Рэспубліцы Беларусь. У складзе афіцыйных дэлегацый ён прысутнічаў на важных гістарычных мерапрыемствах. У прыватнасці, адзін з нямногіх, ён змог сфатаграфаваць падпісанне "Белавежскіх пагадненняў" у Віскулях.

Важным этапам творчай біяграфіі Юрыя Іванова стаў удзел у 1990 годзе ў конкурсным праекце "Адзін дзень з жыцця СССР" (Collins Publishing, USA), які праводзіла выдавецтва "TIME-LIFE". Фатаграфія "Лятучка", створаная ў рамках гэтага праекта, увайшла ў спіс лепшых фатаграфій свету перыяду 1980-1990 гадоў. Юрый Іваноў з`яўляецца лаўрэатам прэміі прэстыжнага сусветнага фотаконкурсу "World Press Photo" ў Гаазе, а таксама шэрага іншых усесаюзных і міжнародных конкурсаў, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі, узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1987 гозе па выніках міжнароднага конкурсу ён увайшоў у лік 100 лепшых фатографаў свету. Цяпер Юрый Іваноў працуе загадчыкам аддзела фотаілюстрацый газеты "Культура".

6 верасня 2013, Віцебск
Алена Ціханава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/833/23200
Текущая дата: 16.11.2024