Белорусский портал в Казахстане

Госці фестывалю "Гальшанскі замак-2013" пабываюць на сярэдневяковым балі



Аб гэтым паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Фестываль сярэдневяковай культуры "Гальшанскі замак-2013" пройдзе каля сцен легендарнага замка ў Ашмянскім раёне 24 жніўня.

Мерапрыемства штогод збірае аматараў аўтэнтычнай музыкі, рыцарскіх турніраў, тэатраў, маляўнічых фаер-шоу, народных рамёстваў і атмасферы сярэдневяковай культуры. На гэты раз у ім прымуць удзел музычныя калектывы, рамеснікі і паэты з Беларусі і Літвы (Вільнюскага раёна).

Адной з выдатных асаблівасцей фестывалю з`яўляецца правядзенне тэатралізаванага касцюміраванага шоу "Баль у Соф`і Гальшанскай", на якім выступяць музычныя групы "Літы талер", "Altanka", "Яварына", танцавальны калектыў "Фламея". Пройдзе канцэрт групы "PAWA", якая выконвае музычныя творы на аўтэнтычных сярэдневяковых інструментах, вырабленых па тэхналогіях таго часу.

Каля сцен замка размесціцца рыцарскі лагер (чакаецца ўдзел ваенна-гістарычных клубаў Гродзенскай вобласці і Мінска). Пройдуць рыцарскія турніры, спаборніцтвы, майстар-клас па сярэдневяковых танцах, гульні. Турыстам таксама прапануюць экскурсіі па аграгарадку Гальшаны.

У гэтым годзе фестываль "Гальшанскі замак" адбудзецца ў рамках праекта "Два бакі - адна гісторыя і культура" Еўрапейскага інстытута добрасуседства і партнёрства праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія - Літва - Беларусь. У час мерапрыемства будуць прадстаўлены вынікі сумеснага праекта: прэзентацыя зборніка паэзіі і даведніка "Гістарычны маршрут па Ашмянскім узвышшы".

Фестываль ужо даўно мае свайго гледача і паклоннікаў. У Гальшаны прыязджае вялікая колькасць турыстаў практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама замежжа. Іх прываблівае не толькі само мерапрыемства, але і магчымасць азнаёміцца з багатым гістарычным мінулым Гальшан.

Мерапрыемства праходзіць каля сцен легендарнага замка Паўла Стафана Сапегі. Замак з`яўляецца культурнай каштоўнасцю і вядомы дзякуючы шматлікім прысвечаным яму творам мастацтва, легендам і міфам.

21 жніўня 2013, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/837/22853
Текущая дата: 16.11.2024