Белорусский портал в Казахстане

У Мінску працягваецца стварэнне аўтаматызаванай сістэмы відэадэтэктавання дарожнага руху



Пра гэта паведамілі ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Вызначаны пілотныя зоны, дзе праходзіць тэставанне абсталявання розных сусветных вытворцаў. На скрыжаванні вуліц Платонава і Казлова працягваецца тэставанне сістэмы, якая фіксуе парушэнні. Адна камера там фіксуе праезд на чырвоны сігнал святлафора, яшчэ дзве — перавышэнне хуткасці, размову па тэлефоне падчас кіравання аўтамабілем, выкарыстанне рамянёў бяспекі і іншыя агульныя парушэнні ПДР. Тут прыменены кітайскія тэхналогіі.

"Аднак вынікі даследаванняў не ўразілі інспектараў, — адзначыў начальнік аддзела тэхнічных сродкаў і сістэм ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Навой. — Верагоднасць распазнавання парушэнняў ПДР, такіх як, напрыклад, кіраванне аўтамабілем з непрышпіленым рэменем бяспекі або размова падчас руху па мабільным тэлефоне, аказалася невысокай. Аднак сістэма працягвае працаваць на прафілактыку".

Другая пілотная зона размясцілася на скрыжаванні праспекта Машэрава і вуліцы Багдановіча. Там ўстаноўлены камеры расійскіх вытворцаў, якія фіксуюць праезд скрыжавання на чырвонае святло і парушэнні правілаў манеўравання. Тэставаць прыборы тут будуць да вясны.

Для трэцяй зоны выбраны праспект Незалежнасці ў раёне парку Горкага. Камеры расійскіх вытворцаў тут фіксуюць неапраўданы выезд аўтамабіляў на паласу для грамадскага транспарту.

Чацвёртая зона размешчана на Партызанскім праспекце, у раёне гіпермаркета ProStore. На металічных канструкцыях па абодвух баках дарогі ўстаноўлена адразу пяць надзеленых рознымі функцыямі стацыянарных комплексаў розных вытворцаў. У перспектыве прыбораў будзе сем. А пакуль за рухам транспарту там назіраюць расійскія камеры "Кардон", "Стрэлка-СТ" і "Крэчат-С" (да іх дабавіцца яшчэ "Аўтаўраган"), шведскія Sensys, нямецкія Vitronic (у планах размясціць і Jenoptik), аўстралійскія Redflex і галандскія Gatso.

"Пакуль ў кожнай з названых зон камеры толькі фіксуюць транспарт без наступстваў для парушальнікаў ПДР", — адзначыў Навой.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 22 верасня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/838/23484
Текущая дата: 25.12.2024