Белорусский портал в Казахстане

Знайтэ, людцы, шчо йэ такі нашы «Мотольскі прысмакі»!



Знакаміты фэст здзівіў разнастайнасцю страў i кулінарнымі майстар-класамі.

У аграгарадку Моталь на Брэстчыне ў шосты раз прайшоў фестываль «Мотальскія прысмакі», які сабраў аматараў нацыянальнай кухні з Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Карэспандэнт «Р» выправіўся ў палескае мястэчка, каб на свае вочы пабачыць багацце мясцовай кулінарнай традыцыі.

На заўсёды спакойных вуліцах Моталя ў суботу ад самага ранку віруе жыццё. Паступова галоўная вуліца ператвараецца ў «Горад майстроў», сям-там з’яўляюцца шматлікія сцэны, сталы напаўняюцца сотнямі страў, а само паветра, здаецца, становіцца смачным і прыдатным, каб яго пакаштаваць. Хутка прагныя да відовішчаў госці аблепяць найцікавейшыя кропкі, а пакуль на вольнай пляцоўцы наладжвае ганчарны круг Віталь Шэпялевіч. Ужо колькі год яго запрашаюць на «Славянскі базар у Віцебску», на «Вясновы букет» у сталіцу. А сёння ён прыехаў у Моталь, каб паказаць уласнае майстэрства стварэння посуду і сувеніраў з гліны. Літаральна за дзве хвіліны з-пад рук майстра адзін за адным выходзяць невялічкія збаны і гладышы, а побач калега Віталя расстаўляе ўжо гатовыя гліняныя дамкі і іншыя творы мастацтва.

— З глінай вельмі прыемна працаваць, бо яна мяккая і пластычная, — дзеліцца вопытам майстар. — Акрамя таго, пры рабоце з ёй няма куды спяшацца, а значыць, гліна прыносіць не толькі задавальненне ад выніку, але і сапраўдны спакой.

Зрэшты, задавальненне — рыса, характэрная і для дзейнасці маладога музейнага работніка Наталлі з вёскі Бездзеж Драгічынскага раёна. Менавіта там знаходзіцца адзіны ў свеце музей фартухоў «Бездзежскі фартушок». У Моталь яго супрацоўнікі прывезлі сёлета не толькі старыя экспанаты, якім больш за сотню гадоў, але і больш маладыя ўзоры мясцовага рамяства.

— На жаль, сёння ў Бездзежы захавалася толькі ткацтва, таму з’яўляюцца адно ручнікі… Але і фартушкі жыхары прыносяць спраўна, праўда, не вельмі старыя, таму музей можа дазволіць сабе іх прадаць, — гаворыць Наталля.

Разглядваю ваўняныя рукавіцы, шкарпэткi, ручнікi. Час мінае незаўважна. Раптам над плошчай чуюцца званы, а да сцэны набліжаецца ўрачыстая працэсія з харугвамі. На чале вернікаў — архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, які праз некалькі хвілін бласлаўляе людзей. Сёлета «Мотальскія прысмакі» сумешчаны са святкаваннем 1025-годдзя Хрышчэння Русі, таму праграма фэсту прадугледжвае набажэнствы і прысутнасць іерархаў Праваслаўнай царквы.

На сцэне з’яўляецца старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун.

— «Мотальскія прысмакі» ўжо сталі сапраўдным брэндам і штогод збіраюць тысячы гасцей. Наш фэст выступае захавальнікам духоўнага адзінства многіх народаў, якія з’яўляюцца носьбітамі адной з найбольш старажытных і багатых культур, — падкрэслівае ён.

Пасля цырымоніі адкрыцця людзей на плошчы становiцца ў разы больш. Непадалёк ад галоўнай сцэны запрашае на пачастунак Іванаўскае райспажыўтаварыства. Стол літаральна ломіцца ад страў, што прыгатавала майстар-повар Любоў Цырман. Тут і дранікі, і аладкі, і шляхецкія торбачкі, і бульбяныя піражкі, і запяканка.

Мотальскія бабулі — тыя, хто захоўвае ўнікальныя мясцовыя рэцэпты, не адстаюць. Іх сталамі са стравамі застаўлена амаль што палова вуліцы! І менавіта тут адчуваецца сапраўдны смак хатніх мотальскіх прысмакаў.

Тым часам у сталовай Мотальскай сярэдняй школы пачынаецца майстар-клас вядомага ізраільскага кулінара Замі Шрайбера, бацька якога яшчэ ў 1948 годзе адкрыў уласны рэстаран. Справу яго працягвае сын, і сёння ў Моталі Замі дзеліцца рэцэптамі салаты, фаршыраванай рыбы, катлет з ялавічыны, курыцы з цыбуляй і бульбай.

— У рэстаране я гатую таксама і тое, што ў Беларусі называюць дранікамі, але ў Ізраілі гэтую страву я раблю не толькі з бульбы, але таксама з морквы ці кабачкоў, — расказвае шэф-повар.

Зрэшты, сёлета «Мотальскія прысмакі» не абмяжоўваюцца толькі кулінарнымі мерапрыемствамі. У праграму ўключана і адкрыццё новага археалагічнага музея «Нашы карані» — філіяла Мотальскага музея народнай творчасці. Яго загадчыца Алена Заляшчук распавядае, што раскопкі вакол Моталя вядуцца ўжо з 80-х гадоў, і менавіта знойдзеныя тут рэшткі стаянак першабытнага чалавека былі пакладзены ў аснову экспазіцыі.

Да самай ночы на вуліцах Моталя гатуюць традыцыйныя стравы, танчаць пад спевы прафесійных калектываў з Брэста і Мінска. За дзве гадзіны да поўначы неба над аграгарадком расквеціў яркімі фарбамі святочны феерверк, а шматлікія госці працягвалі весяліцца на начной дыскатэцы.

«Мотальскія прысмакі» развітаюцца на цэлы год. Але хто ведае, можа, менавіта доўгае расстанне робіць фэст такім любімым і такім чаканым?

Арцём Кір`янаў
Рэспубліка, 13 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/839/22715
Текущая дата: 15.11.2024