Белорусский портал в Казахстане

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, КДБ затрымаў ксяндза Уладзіслава Лазара



Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі затрыманы ксёндз Уладзіслаў Лазар.

Так, газета "Наша ніва" са спасылкай на свае крыніцы ў каталіцкіх колах паведамляе, што святар ужо каля месяца знаходзіцца ў турме КДБ, а перамовы з беларускімі ўладамі па гэтай справе вядзе апостальскі нунцый Ватыкана ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдзіа Гуджэроці.

Таксама пра затрыманне ксяндза паведамілі і некаторыя журналісты ў сацсетках.

Нагадаем, 26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на  будаўніцтве мінскага аквапарку паведаміў журналістам, што супрацоўнік беларускіх спецслужбаў затрыманы за працу на замежныя дзяржавы. "Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой", — заявіў беларускі кіраўнік.

Ксёндз Лазар раней служыў у Мар`інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці), а ў красавіку быў прызначаны адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве (Мінская вобласць). Ён грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, а затым — у Польшчы.

БелаПАН
Мінск, 27 ліпеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/841/22402
Текущая дата: 15.11.2024