Белорусский портал в Казахстане

Зарэгістраванае беспрацоўе ў Беларусі захоўваецца на ўзроўні 0,5 працэнта



Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Паводле аператыўных даных, у Беларусі на 1 ліпеня бягучага года ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя захаваўся на ўзроўні 0,5 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Паводле слоў спецыялістаў, год таму зарэгістраванае беспрацоўе па рэспубліцы было 0,6 працэнта, на 1 студзеня бягучага года - 0,5 працэнта, па стану на 1 лютага, 1 сакавіка, 1 красавіка і 1 мая - 0,6 працэнта, на 1 чэрвеня - 0,5 працэнта.

За чэрвень бягучага года беспрацоўе знізілася на 0,1 працэнтнага пункта ў трох рэгіёнах краіны: у Гомельскай - да 0,7 працэнта, у Магілёўскай - да 0,5 працэнта, у Мінску - да 0,1 працэнта. У астатніх рэгіёнах зарэгістраванае беспрацоўе захавалася на ранейшым узроўні: у Брэсцкай і Віцебскай - 0,7 працэнта, у Гродзенскай - 0,6 працэнта, у Мінскай - 0,4 працэнта.

У цэлым па рэспубліцы каэфіцыент напружанасці на рынку працы на 1 ліпеня бягучага года складаў 0,3 беспрацоўнага на адну вакансію (год таму было 0,4). Колькасць свабодных працоўных месц на 1 ліпеня, зыходзячы з заявак наймальнікаў, павялічылася да 76,6 тыс. - гэта на 15 працэнтаў больш, чым год таму. Большасць вакансій, як і раней, - для рабочых (80,7 працэнта).

Паколькі ў студзені-чэрвені бягучага года зваротаў у службу занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні стала менш (на 11,2 працэнта) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, то зменшылася і рэгістрацыя ў якасці беспрацоўнага (на 10,9 працэнта), колькасць маючых патрэбу ў працаўладкаванні знізілася на 11 працэнтаў. У гэтых умовах заканамерна змяншэнне колькасці працаўладкаваных - на 5,3 працэнта (у студзені-чэрвені гэтага года пры садзейнічанні органаў па працы, занятасці і сацабароне атрымалі рабочае месца 96,7 тыс. чалавек), у тым ліку беспрацоўных - на 3,3 працэнта (63,5 тыс.).

За чэрвень колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, зменшылася на 1,4 тыс. і склала на 1 ліпеня гэтага года 22,6 тыс. чалавек. Гэта на 19 працэнтаў менш да ўзроўню 1 ліпеня 2012-га. Прадугледжаная заканадаўствам сацыяльная падтрымка беспрацоўных забяспечвалася ў поўным аб`ёме, запэўнілі ў міністэрстве.

Дзяржаўная праграма садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2013 год зацверджана з аб`ёмам фінансавання больш за Br328,6 млрд. (амаль у 1,5 раза больш, чым на 2012-ы). У выніку рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы да канца 2013 года ўзровень рэгіструемага беспрацоўя не перавысіць 1,5 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці - 1,3 працэнта, Віцебскай - 1,4 працэнта, Гомельскай - 1,5 працэнта, Гродзенскай - 1,2 працэнта, Мінскай - 1,4 працэнта, Магілёўскай - 1,5 працэнта і ў Мінску - 0,6 працэнта. Сярод асноўных задач на 2013 год - стымуляванне эканамічнай актыўнасці насельніцтва; садзейнічанне наймальнікам у структурнай перабудове вытворчасцей; удасканаленне падрыхтоўкі кадраў з улікам патрэбнасці рынку працы, павышэнне канкурэнтаздольнасці рабочай сілы; інтэграцыя ў працоўную сферу мэтавых груп насельніцтва, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы; інфармацыйнае, метадычнае забеспячэнне занятасці насельніцтва; аказанне садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзян і сацыяльная падтрымка беспрацоўных на перыяд пошуку работы.

10 ліпеня 2013, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/843/22199
Текущая дата: 15.11.2024