Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе разумнага падыходу ў барацьбе з афрыканскай чумой свіней



Аб гэтым ён заявіў на нарадзе аб эпізаатычнай сітуацыі ў свінагадоўлі і мерах барацьбы з вірусным захворваннем свіней.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, як паказвае сусветная практыка барацьбы з гэтай хваробай, адзіны спосаб спыніць эпідэмію - хуткая і поўная ліквідацыя і забой пагалоўя як свойскіх свіней, так і дзікоў у ачагах захворвання і арганізацыя буферных зон. У мінулыя гады такія меры былі прыняты ў Іспаніі, Партугаліі, Францыі, Бельгіі, былым СССР. Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі неабходна выкарыстоўваць гэты эфектыўны метад, але падыходзячы разумна.

"Калі мы выявілі ачаг хваробы на якой-небудзь малой, вялікай ферме, у якой-небудзь вёсцы, нам даводзіцца ствараць буферную зону прыкладна да 5 км. Але тут трэба творча і разумна да гэтага падыходзіць, а не тое, што ў кабінеце начарцілі круг 5 км вакол вёскі і пачынаем там "квасіць" усё падрад. Прытым не слухаючы людзей, не разумеючы іх. Гэтага быць не павінна! Усё павінна быць разумна!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку кіраўніка дзяржавы, для таго каб не дапусціць распаўсюджвання хваробы, трэба прымаць прэвентыўныя меры. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў вопыт Мінскай вобласці, дзе забой жывёлы ажыццяўляюць на мясакамбінаце, а потым чалавек або забірае мяса, або пакідае там за грашовую кампенсацыю. "Калі вы нармальна заплаціце чалавеку за кожны кілаграм свініны або жывой вагі, ён вам яе аддасць. Таму каб не дапусціць ліквідацыі жывёлы, лепш у зонах рызыкі здаць цяпер здаровую жывёлу на мясакамбінат", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць: каб дабіцца поспеху ў барацьбе з эпідэміяй, патрэбны дакладная скаардынаванасць дзеянняў усіх органаў улады і кіраўніцкіх структур, няўхільнае выкананне тэхналагічнай дысцыпліны, санітарных патрабаванняў на жывёлагадоўчых аб`ектах, пастаянная растлумачальная работа сярод насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што, нягледзячы на прымаемыя меры, поўнасцю засцерагчы ад небяспекі свінагадоўлю пакуль не ўдалося.

Паводле слоў Прэзідэнта, на гэтай бядзе пачынаюць іграць розныя дэструктыўныя сілы, нагнятаючы абстаноўку. "Мы не павінны даваць падставы, каб гэтыя нягоднікі раздувалі пажар у нашым грамадстве", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ва ўрадзе створаны спецыяльны штаб, прымаюцца пэўныя меры, аднак нараканняў з боку людзей на такую работу нямала. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава не можа стаяць у баку ад гэтай праблемы, у тым ліку ад вырашэння яе фінансавых пытанняў. Прэзідэнт адзначыў, што катэгарычна супраць стварэння якіх-небудзь праграм па пераадоленню наступстваў эпідэміі. "Я катэгарычна супраць паператворчасці. Трэба прымаць канкрэтныя меры і рабіць тое, што даўно пацверджана вопытам", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць тым, што афрыканская чума свіней набывае распаўсюджванне ў Расіі. Выяўлены яшчэ адзін вялікі ачаг у Яраслаўскай вобласці. "Адгарадзіцца ад усяго свету мы не можам, тым больш ад Расіі, таму трэба тут, на месцы, прымаць эфектыўныя меры", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У прыватнасці, паводле яго слоў, неабходна ўзмацніць кантроль за кармамі, што паступаюць у Беларусь, зменшыць іх імпарт. "Сваіх кармоў хапае", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць аб тым, наколькі мінімізаваны ўрон ад эпідэміі, у тым ліку эканамічны, якая сістэмнасць барацьбы і як наладжана работа з насельніцтвам. Ад губернатараў Віцебскай і Гродзенскай абласцей, дзе перш за ўсё былі выяўлены ачагі АЧС, Прэзідэнт чакае адказу аб тым, якія работы вядуцца ў рэгіёне.

22 жніўня 2013, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/844/22967
Текущая дата: 26.12.2024