Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі пачаты збор подпісаў за прыняцце закона аб абароне жывёл



На міжнародным сайце інтэрнэт-петыцый change.org арганізаваны збор подпісаў за прыняцце ў Беларусі закона аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжання.

Аўтар петыцыі Алена Барэль звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі дагэтуль няма крымінальнай адказнасці за забойства жывёл. "Іх адстрэльваюць прама ў гарадах або адлоўліваюць, як у Мінску, а праз пяць дзён усыпляюць. Нават калі вывесці на галоўную плошчу краіны каня і ўспароць яму пуза, за гэта пагражае толькі невялікі штраф", — адзначае Барэль.

На гэты момант петыцыя сабрала каля 6 тысяч подпісаў, і іх колькасць працягвае расці. Аўтар петыцыі мае намер сабраць 50 тысяч подпісаў, якія будуць адпраўлены ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Беларускія парламент ужо тройчы спрабаваў прыняць закон "Аб абыходжанні з жывёламі", але ва ўсіх выпадках праект быў адкліканы з-за рэзкай крытыкі грамадскасці. Першая спроба была зроблена восенню 2001 года, другая — у 2007 годзе. Трэці законапраект быў адкліканы дэпутатамі ў лістападзе 2012 года. Прадстаўнікі зоаабарончых арганізацый неаднаразова заяўлялі, што прапанаваныя праекты закона не забяспечваюць абарону жывёл ад жорсткага абыходжання.

Нагадаем, за жорсткае абыходжанне з жывёламі ў Беларусі прадугледжана толькі адміністрацыйная адказнасць. Згодна з Кодэксам аб адміністрацйных правапарушэннях, жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, а таксама катаванне жывёл цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Ухіленне ад правядзення абавязковых мерапрыемстваў па папярэджанні хвароб жывёл або парушэнне тэрмінаў іх правядзення прадугледжвае штраф у памеры ад 2 да 10 базавых велічынь.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 17 чэрвеня.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/846/21641
Текущая дата: 15.11.2024