Белорусский портал в Казахстане

Віктар Марціновіч выдаў новы раман адразу на дзвюх мовах — рускай і беларускай



Пісьменнік Віктар Марціновіч выдаў свой трэці раман "Сфагнум" адразу на двух мовах — рускай і беларускай.

Прэзентацыя рускамоўнай (арыгінальнай) версіі рамана, якая выйшла ў электронным выглядзе, адбылася 29 мая на сайце 34mag.net. Выдаўцы ахарактарызавалі кнігу як "гангста-казку з паганшчынай і хэпі-эндам" і лічаць яе самай смешнай і кранальнай кнігай пісьменніка.

Пераклад "Сфагнума" на беларускую мову выйшаў у папяровым выглядзе ў выдавецтве "Кнігазбор"."Мне здаецца, гэта адзіны спосаб дагрукацца да земляка-чытача, з яго моўным, платформавым і светапоглядным расколам суб`екта", — тлумачыць аўтар.

"Раней я казаў пра простыя рэчы складанымі словамі. Цяпер вырашыў паспрабаваць сказаць пра складанае, глыбіннае у лёгкай форме, — распавёў пра сваю новую кнігу аўтар. — "Сфагнум" — гэта сума маіх назіранняў за тым, як дзіўна ўсё ўладкавана ў Беларусі, сфармуляваная не зусім у цэнзурнай форме. Я лічу, што гэты тэкст — самае важнае з напісанага мной пра Беларусь да цяперашняга моманту. Гэта не раман пра вёску. Гэта не раман пра балота. Гэта раман пра абсурд, у які мы ўсе пагружаныя. Канцоўку рамана прашу лічыць хэпі-эндам".

Трэба адзначыць, што яшчэ да выхаду "Сфагнум" трапіў у лонг-ліст расійскай прэміі "Нацыянальны бестселер" за 2013 год.

Віктар Марціновіч — беларускі пісьменнік, журналіст, палітычны аглядальнік. Яго першы раман "Параноя" выйшаў у 2009 годзе ў расійскім выдавецтве "АСТ", а нядаўна ён быў перакладзены на англійскую мову і апублікаваны ў амерыканскім выдавецтве North Western University Press. Другі раман — "Сцюдзёны вырай" — Марціновіч выдаў ў электронным выдавецтве "Пяршак" на сайце 34mag.net. Гэта была першая спроба аўтара пісаць па-беларуску.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 29 мая 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/848/21365
Текущая дата: 15.11.2024