Белорусский портал в Казахстане

Мінфін рэалізаваў "Беларусбанку" валютныя дзяржаблігацыі на 275 млн. еўра



ААТ "ААБ "Беларусбанк" набыло дзяржаўныя аблігацыі Міністэрства фінансаў Беларусі, намінаваныя ў замежнай валюце, на 275 млн. еўра.

Як паведамляе прэс-служба "Беларусбанка", тэрмін абарачэння згаданых аблігацый складае чатыры гады (з 29 мая 2013 года па 29 мая 2017 года). Па аблігацыях прадугледжана паквартальная выплата працэнтнага даходу з разліку 6,4% гадавых.

"Банк лічыць гэтыя ўкладанні выгаднымі, таму што прадугледжаная працэнтная стаўка забяспечвае высокую эфектыўнасць размяшчэння рэсурсаў пры мінімальным узроўні рызыкі. Апрача таго, дзяржаўныя аблігацыі 102-га выпуску з`яўляюцца высокаліквідным актывам і забяспечваюць банку рэгулярнае атрыманне даходаў на працягу ўсяго перыяду абарачэння", — гаворыцца ў паведамленні "Беларусбанка".

Сёлета за кошт размяшчэння дзяржаўных аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, Мінфін разлічвае прыцягнуць 300-400 млн. долараў.

25 красавіка Міністэрствам фінансаў быў паспяхова завершаны першы аўкцыён па размяшчэнні праз Беларускую валютна-фондавую біржу дзяржаблігацый, намінаваных у замежнай валюце, на 50 млн. долараў ЗША.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 31 мая 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/848/21443
Текущая дата: 15.11.2024