Белорусский портал в Казахстане

Фэст памяці касінераў 1863 году адбыўся ў Мілавідах



У Мілавідах Баранавіцкага раёну адбыўся фэст у гонар 150-годзьдзя найбуйнейшай бітвы паўстаньня 1863 году.

У фэсьце ўзялі ўдзел беларускія мастакі, музыкі, грамадзка-палітычныя дзеячы, а таксама неабыякавыя да гісторыі людзі з розных гарадоў Беларусі. Мерапрыемства павінны былі ладзіць чыноўнікі з аддзелу культуры Баранавіцкага райвыканкаму, але яны ў прызначаны час не прыехалі.

Фэст пачаўся бязь іх. Выступалі прамоўцы. Людзі ўсклалі кветкі да каталіцкай капліцы і памятнага каменя, памаліліся і прасьпявалі гімн «Магутны Божа».

Але праз паўгадзіны прыехалі супрацоўнікі ДАІ. Яны заявілі, што тут нельга спыняць аўтамабілі, і папярэдзілі, што калі праз 5 хвілін тыя ня зьедуць, на кіроўцаў складуць пратаколы.

Арганізатар мерапрыемства, баранавіцкі грамадзкі актывіст Віктар Сырыца прапанаваў працягнуць фэст на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў вёсцы Русіна, куды ўсе і накіраваліся.

У Русіне адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная паўстаньню 1863 году. Выступілі гісторыкі, краязнаўцы, палітыкі. Адзін з арганізатараў фэсту Віктар Сырыца сказаў:

«Няпроста нам было арганізаваць гэты фэст, таму што цяперашнія ўлады робяць усё, каб замоўчваць Каліноўскага, замоўчваць Мілавідзкую бітву. Двойчы нам адмовілі ў правядзеньні Мілавідзкага фэсту. Папярэдняя згода была ад праваслаўнай царквы аб паніхідзе ў памяць палеглых у час паўстаньня. Але потым нам паведамілі, што вышэйшае кіраўніцтва праваслаўнай царквы не блаславіла гэта. Зьнікла мэмарыяльная шыльда зь Мілавідзкай школы — пра тое, што яна носіць імя Аляксандра Лянкевіча, кіраўніка паўстанцаў у Мілавідзкай бітве. Я ведаю, што зьнікла шыльда і ў Менску на вуліцы Кастуся Каліноўскага, у Гародні. Вось так сёньня замоўчваецца праўда пра паўстаньне Кастуся Каліноўскага».

Кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў думку, што адсутнасьць гістарычнай памяці вядзе да страты сувэрэнітэту Беларусі:

«Мы бачым, што хоць і ёсьць беларуская дзяржава, але яна не беларуская нацыянальная дзяржава. Улады меліся прыехаць ушанаваць паўстанцаў у Мілавідах, аднак яны не зьявіліся там. Улада ня хоча, каб беларусы былі нацыянальна сьвядомыя. Больш за тое, мы бачым, што гэтая ўлада загульваецца ў інтэграцыйныя гульні з Крамлём. Дамовіліся аб тым, што расейскія зьнішчальнікі вернуцца ў Беларусь, ёсьць вялікая небясьпека, што ў 2015 годзе будзе падпісаны Эўразійскі зьвяз, які ў Крамлі бачаць як аднаўленьне савецкай імпэрыі».

Пасьля выступленьняў гісторыкаў і палітыкаў для прысутных гралі барды Зьміцер Бартосік і Віктар Шалкевіч, якіх у час канфэрэнцыі ўбралі ў шляхецкія строі ХІХ стагодзьдзя. Быў таксама выступ рыцараў з баранавіцкага клюбу. Прысутныя пачаставаліся «паўстанцкай» кашай, паспаборнічалі ў віктарыне, напісалі паштоўкі з выявамі Кастуся Каліноўскага палітвязьням.

Мілавідзкая бітва адбылася 22 траўня (3 чэрвеня) 1863 году паміж рэгулярнымі царскімі войскамі і беларускімі паўстанцамі. У выніку бітвы расейскае войска мусіла адступіць, а паўстанцы працягнулі змаганьне ў лясах.

Радыё Свабода, 3 чэрвеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/848/21458
Текущая дата: 15.11.2024