Белорусский портал в Казахстане

Фіналістка конкурсу "Еўрабачанне-2013" Алена Ланская прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"



Аб гэтым 22 мая на прэс-канферэнцыі паведаміў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі.

Уладальніца Гран-пры ХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011" выйдзе на сцэну Летняга амфітэатра разам з такімі зоркамі эстрады, як Эдзіта П`еха, Крысціна Арбакайтэ, Алена Ваенга, Дзіма Білан (Расія), Анатоль Ярмоленка, Іна Афанасьева (Беларусь), Ціна Караль (Украіна), Роза Рымбаева (Казахстан), Al Bano/Аль Бана, In-Grid/Ін-Грыд (Італія), "GIPSY KINGS"/"Джыпсі Кінгс" (Францыя).

"Адкрыццё фестывалю пройдзе ў новым фармаце. Канцэрт будзе складацца з дзвюх частак. Першая прысвечана 25-годдзю Летняга амфітэатра, другая - своеасаблівае прывітанне віцебскаму форуму мастацтваў ад фестываляў іншых гарадоў. Акрамя гэтага, упершыню ў канцэрце пройдзе прэзентацыя конкурснай праграмы дарослага і дзіцячага конкурсаў", - расказаў Уладзімір Карачэўскі.

Весці ўрачыстую цырымонію будуць тры пары вядучых: Алена Спірыдовіч і Георгій Калдун (Беларусь), Марына Дзявятава і Уладзімір Бярэзін (Расія), Аксана Антанюк і Цімур Мірашнічэнка (Украіна).

Урачыстая цырымонія адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў - адно з самых рэйтынгавых і дарагіх канцэртных мерапрыемстваў фестывалю. У гэтым годзе цана білетаў вагаецца ад Br980 тыс. у 2-м і 3-м сектарах амфітэатра да Br450 тыс.- у 8-м сектары.

Рэалізацыя білетаў на мерапрыемствы ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пачнецца з 27 мая.

22 мая 2013, Віцебск
Алена Ціханава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/849/21284
Текущая дата: 15.11.2024