Белорусский портал в Казахстане

Вядомая аперэта І.Кальмана "Містар Ікс" вяртаецца ў Беларускі музычны тэатр



Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная.

Адна з самых вядомых аперэт Імрэ Кальмана "Містар Ікс" вяртаецца на сцэну Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Прэм`ера спектакля адбудзецца 27-28 красавіка,

Музычны расказ аб загадкавым містары Іксе, які ніколі не здымае на арэне маску - самая ідэальная рамантычная гісторыя ў аперэтачным жанры. Аперэта ўжо ішла ў рэпертуары тэатра як "Прынцэса цырка". Падкрэсліць у назве галоўную ролю Містара Ікса - задумка імпрэсарыа. Уся гісторыя была кардынальна перапрацавана, пры гэтым узбуйніўся канфлікт і дабавіўся востры сучасны гумар. Паводле слоў рэжысёра, павароты ў знаёмым, але абноўленым лібрэта зацікавяць публіку. Адзін з сюрпрызаў - вобраз сакратара барона ў жаночым абліччы.

Спектакль прасякнуты моднай тэмай рэтра - часткова адноўлена стылізацыя пад 20-30-я гады XX стагоддзя.

Вялікая роля ў пастаноўцы адводзіцца артыстам хору. Асноўная задача - унесці свецкую атмасферу ў кожную сцэну. У адрозненне ад папярэдняй пастаноўкі пеўчы калектыў паўстае ў новым вобразе. У спектаклі шмат персаніфікацыі - у кожнага акцёра свая лінія паводзін. Напрыклад, артысткі хору - у вобразе лэдзі-фуршэт, чаго раней не было. Гэта зроблена для таго, каб глядач змог "прачытаць" стыль таго часу. "Таксама ў аперэце адна з самых складаных харавых партытур, якая ў вакальным плане набліжаецца да опернай. Для пеўчага калектыву гэта вялікая работа", - заўважыла галоўны хармайстар тэатра Святлана Пятрова.

Паводле слоў дырыжора-пастаноўшчыка Марыны Траццяковай, музычны матэрыял аперэты - класічны. Ён быў заяўлены на постсавецкай прасторы ў многіх тэатрах. Разам з тым, варыяцыі на тэму Кальмана ў стылі рэтра прагучаць цікава. Акрамя таго, у спектакль вярнулі некалькі купіраваных ў папярэдняй пастаноўцы нумароў. Нечаканай будзе ўстаўка з іншай аперэты кампазітара.

Аднымі з самых яркіх вобразаў спектакля пастаноўшчыкі называюць каскадную пару Тоні і Мары. Для работы над трукамі запрашалі кансультанта з акрабатычнага шоу тэатра Уладзіміра Кустава. "Цырк, безумоўна, будзе, але толькі ў тым аб`ёме, у якім можна яго зрабіць. Бо пад`ёмы на вышыню ў тэатры забаронены. Містар Ікс будзе даволі ўмоўна іграць на скрыпцы пад купалам цырка. Задача тэатральнага калектыву - не паказаць цырк, а стварыць яго атмасферу ", - сказала рэжысёр.

У аперэце гледачам прадставяць суквецце акцёрскай трупы музычнага тэатра. У некалькіх складах - адразу тры містара Ікс: Антон Заянчкоўскі, лаўрэат міжнароднага конкурсу Андрэй Марозаў і дыпламант міжнароднага конкурсу Сяргей Суцько. У ролях - лаўрэаты міжнароднага конкурсу Маргарыта Александровіч, Наталля Дзяменцьева, Яўген Ермакоў, Дзяніс Нямцоў, Лідзія Кузьміцкая, Леся Лют, Ірына Кучынская, народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, заслужаны артыст Беларусі Васіль Сердзюкоў і іншыя акцёры.

25 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/853/20831
Текущая дата: 15.11.2024