Белорусский портал в Казахстане

Беларусь мае добры запас трываласці ва ўмовах зацяжнога сусветнага крызісу



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, 2013 год з`яўляецца ключавым у гэтай пяцігодцы. "Калі аглянуцца назад, то старт пяцігодкі быў няпростым. Нас усё ж закрануў сусветны фінансава-эканамічны крызіс. Аднак нам удалося ў асноўным стабілізаваць сітуацыю. Сёння мы пераадолелі мяжу $500 сярэдняй заработнай платы па краіне. Справіліся з высокай інфляцыяй, супакоілі валютны рынак, забяспечылі прафіцыт бюджэту і захавалі на бяспечным узроўні золатавалютныя рэзервы", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўсе поспехі Беларусі заўважаны і адзначаны ў свеце. Так, згодна са штогадовым рэйтынгам ААН, краіна ўвайшла ў лік першых пяцідзесяці дзяржаў свету па індэксу чалавечага развіцця, што з`яўляецца самым высокім паказчыкам сярод дзяржаў СНД.

"Аднак падстаў для трывогі менш не стала. Свет вакол нас так і не выбраўся з зацяжнога крызісу. Драматычныя падзеі ў Грэцыі, на Кіпры - сумнае таму пацвярджэнне. Спрыяльных прагнозаў на будучае практычна не чуваць. Сусветная фінансавая і палітычная эліта ў разгубленасці. Простыя спосабы вырашэння праблем накшталт друкавання пустых долараў і еўра і хітрых фінансавых маніпуляцый не даюць эфекту. А ісці на непазбежныя фундаментальныя рэформы не хапае волі і смеласці. Дарэчы, а ад нас яны ўсе патрабуюць рэформ", - заўважыў беларускі лідар.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у такія перыяды сваёй гісторыі чалавецтва заўсёды звяртаецца да базавых эканамічных каштоўнасцей - здольнасці забяспечыць сябе таварамі першай неабходнасці: прадуктамі харчавання, адзеннем і жыллём. "І ў гэтым мы маем добры запас трываласці, добрыя навыкі. Таму што Беларусь развівала рэальны сектар эканомікі, а не надзімала мыльную фінансавую бурбалку", - падкрэсліў ён.

"Далейшы рост дабрабыту кожнага чалавека непасрэдна залежыць не толькі ад аператыўных мер, якія прымаюцца ўладай, але і ад правільнасці выбару стратэгіі развіцця краіны. А ўлічваючы крайнюю ўзаемазалежнасць краін у сучасным свеце, мы павінны вельмі дакладна разумець глабальныя працэсы, якія адбываюцца, і наша месца ў іх", - дадаў Прэзідэнт.

19 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/854/20674
Текущая дата: 15.11.2024