Белорусский портал в Казахстане

«Дзядоў» прачыталі па-беларуску



Тое, чаго так доўга чакалі, што вісела ў паветры і запабегчы чаму ўжо нават сьпяшалася ахоўная крытыка, адбылося! Нарэшце — на драматычнай сцэне ў Беларусі пабачыла сьвятло рампы вялікая паэма Адама Міцкевіча «Дзяды».

Гэтай падзеі беларускі тэатар і беларуская культура ўвогуле чакалі ўсе апошнія гады, ад моманту, як краіна стала сувэрэннай.

Па-першае, мы нарэшце прасьвятлелі і зразумелі, што «Дзяды», як і ўся творчасьць Міцкевіча, — гэтаксама, як і палякаў, літоўцаў, таксама наша, беларуская спадчына. Па-другое, ідэі Міцкевіча і асабліва Густаў-Конрад — цэнтральны пэрсанаж «Дзядоў» — вельмі актуальныя для сучаснай Беларусі. Па-трэцяе, паэтыка ягоных твораў вынікае зь беларускіх усьведамленьняў, звычаяў, вераваньняў, што дае падставы для пошукаў у мэтафарычным, вобразным тэатры. Урэшце — рэпэртуарны разварот беларускай сцэны выяўляе сёньня сваю вычарпанасьць: практычна ўся нацыянальная клясычная драматургічная спадчына апошнімі дзесяцігодзьдзямі пастаўленая і цікава інтэрпрэтаваная, сучаснай актуальнай уласна беларускай драматургіі няма, забаўляльны тэатар ня вельмі ўжо і забаўляе гледача, а ў сур’ёзных актораў выклікае нават раздражнёнасьць і адчай.

Пакуль беларускія рэжысэры чакалі нейкай сваёй парЫ для пастаноўкі Міцкевіча, іхныя акторы некалькі месяцаў штодня зь літоўскай зорнай пастановачнай групай рэпетавалі тое, пра што марылі. З рызыкай і творчай самаадданасьцю яркія, пераважна маладыя, акторы кінуліся-рынуліся ў амбітны прыватны праект прадусара Андрэя Чорнага, якім ён адначасна заяўляе пра стварэньне ў Менску новага тэатру — «Тэатар Ч».

Вось тыя прычыны, якія выклікалі небывалы для Менску ажыятаж вакол спэктаклю. На двух першых прэм’ерных паказах у Палацы прафсаюзаў заля да адказу была запоўненая нацыянальнай «сьмятанкай» — пісьменьнікі, акторы, мастакі, музыкі, навукоўцы, ці ня ўсе галоўныя рэжысэры менскіх тэатраў. Бадай, з ужо істотна аддаленых ад нас у часе знакамітых пастановак «Тутэйшых» Мікалаем Пінігіным і «Знака бяды» Валер’ем Масьлюком такога ажыятажу ў Менску я ня бачыў.

Зрэшты, і ў сэнсавай, і ў эстэтычнай плашчынах спэктакль «Дзяды. Вялікая імправізацыя» мае добры плён. Найскладанейшы паэтычны, кампазыцыйна «рваны» твор Міцкевіча вельмі складаны для сцэнічнага ўвасабленьня. Як мне падаецца, адзіным правільным варыянтам на шляху яго да сцэны можа быць ня проста сцэнічная імправізацыя, але напісаньне сцэнічнай вэрсіі яе, калі хочаце, п’есы, натуральна, толькі словамі самога паэта. Менавіта такім шляхам і пайшла рэжысэр-пастаноўшчык Рамуне Кудзманайце, імправізуючы ўжо ў межах п’есы. Інсцэніроўшчык Максім Клімковіч вельмі дакладна выбудоўвае сюжэтную лінію, ідучы ад падзеі да падзеі, зьвязаных з чалавечым, грамадзянскім сталеньнем асобы, станаўленьнем паэта, інтэлігента, які хоча ўзяць на сябе адказнасьць за духоўнае адраджэньне нацыі, які адчувае наканаванасьць яму гэтай найвышэйшай, аж на роўні з боскай, місіі. Таму дакладна вызначаныя і месцы дзеяньня — вясковыя могілкі, дом ксяндза, базыльянская вязьніца ў Вільні. Гэтым зямным шляхам пройдзе Густаў-Конрад.

Усё ў спэктаклі сканцэнтравана вакол цэнтральнага пэрсанажа, якога, здаецца, на апошнім акторскім рэгістры, на мяжы сваіх акторскіх магчымасьцяў (а яны ў яго вялікія), на мяжы сваіх грамадзянскіх перакананьняў выконвае Раман Падаляка. Актор эмацыйны, тэмпэрамэнтны, плястычны і інтэлектуальны, стварае сапраўдны і, дарэчы, унікальны для беларускай сцэны, рамантычны вобраз. Крытычны разбор гэтай ролі яшчэ наперадзе, а пакуль, паводле першых, імгненных уражаньняў, хачу сказаць, што для яшчэ маладога актора вобраз Густава-Конрада калі ня лепшая за ягонае дзесяцігодзьдзе на сцэне, дык прынамсі кульмінацыйная, ад якой, хочацца спадзявацца, пачнецца адлік новых роляў. Тым болей, што рэпэртуарныя абяцаньні мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатру, дзе служыць актор Падаляка, таксама амбітныя.

Выразны рамантычны вобраз Марылі стварыла і акторка Тэатру імя Максіма Горкага Юлія Кадушкевіч. І зноў жа — відавочная якасная перавага гэтай працы маладой акторкі над тымі ролямі, якія яна выконвае на сваёй роднай сцэне. Прычына палягае ў рэпэртуары і рэжысуры, якія не даюць раскрыцца талентам.

Увогуле беларуска-літоўскі спэктакль «Дзяды» вызначаецца перадусім акторскімі працамі, менавіта яны даносяць актуальны для сучаснай Беларусі зьмест. Глыбіня перажываньняў і ацэнак такія, што, здаецца, Міцкевіч напісаў сваю паэму пра нас сёньняшніх, пра пакуты людзей, якія жывуць у змрочным сьвеце акупаванай і недэмакратычнай краіны, дзе палююць за іншадумствам і кідаюць за яго маладых і адукаваных людзей у вязьніцы. Драматычна, з болем і хваляваньнем, з сучасным напаўненьнем тэксту Міцкевіча правялі сцэну ў Базыліянскім кляштары ў Вільні, ператвораным у дзяржаўную вязьніцу, акторы Раман Падаляка, Андрэй Саўчанка, Дзьмітры Тумас, Генадзь Гаранскі. У гэтым сэнсе сёньняшні беларускі спэктакль мне нагадаў тэатар Балтыйскіх краінаў 1980-х — 1990-х гадоў зь ягонай нацыянальна-публіцыстычнай завостранасьцю. Што ж, там тэатар ужо цікавіцца іншымі праблемамі. Мы яшчэ перажываем пэрыяд змаганьня за нацыянальнае і дэмакратычнае вызваленьне...

Другая плашчына ў спэктаклі — боскае, касьмічнае, сусьветнае, глябальнае, зь якім будзе весьці драматычны дыялёг самотны рамантычны герой і што будзе разьдзіраць ягоную душу — разьвіваецца сярод цьмяна высьветленых, размытых хрысьціянскіх абразоў і люстэрак-маятнікаў, разьвешаных над подыюмам сцэны мастаком Марыюсам Яцоўскісам. Зямныя і незямныя дыялёгі з продкамі і Богам, і з самімі сабой павядуць героі ў атмасфэры няспыннай музыкі, такой жа няспыннай у сваім драматызьме, як і само жыцьцё. Музыку сусьвету і душы, гармоніі і дысгармоніі, як заўсёды, таленавіта напісаў і для менскага спэктаклю адзін з найбуйнейшых сучасных літоўскіх кампазытараў Фаўстас Лаценас. У гэтым сцэнічным сьвеце асабліва востра гучаць драматычныя дыялёгі Конрада Рамана Падалякі.

Аднак, пакуль яшчэ застаюцца пастановачна слаба вырашанымі сцэны народнага абраду на Дзяды. Нягледзячы на асобныя пастановачныя цікавосткі, матыў памяці пра продкаў як маральнага апірышча героя, нацыі пакуль у спэктаклі гучыць прыглушана. Выглядае, што сцэны народнага абраду на Дзяды патрабуюць больш маштабнага вырашэньня, з выкарыстаньнем складаных пастановачных сродкаў, на якія, магчыма, прыватная ініцыятыва ня мела сродкаў. Сцэны выкліку духаў адарваныя ад асноўнай агрэсіўнай сюжэтнай лініі, няўцямна (спадзяюся, пакуль што) упісваецца ў іх і выходзіць зь іх Густаў. Увогуле групавыя народныя сцэны і сцэны фантасмагарычныя застаюцца ня вельмі арганічнымі, таму цяжка зразумець іх мэтафарычны сэнс.

Такім чынам, спэктакль «Дзяды. Вялікая імправізацыя» «Тэатру Ч» перадусім пра Густава-Конрада і меней за ўсё пра дзядоў. Тым ня меней Міцкевіч прачытаны па-беларуску. Нарэшце, хай і з дапамогай літоўскіх пастаноўшчыкаў, мы маем нашых, беларускіх «Дзядоў». І яшчэ — аншляг даказаў, што публіка патрабуе ня толькі «Расейскіх вадэвіляў», але і сур’ёзнага нацыянальнага тэатру.

Вячаслаў Ракіцкі
Радыё Свабода, 19 коасавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/854/20710
Текущая дата: 15.11.2024