Раней грузінскія "зоркі" танца выступалі толькі ў Мінску, Магілёве і Гомелі. Канцэрт адбыўся ў канцэртнай зале "Віцебск".
Нацыянальны балет Грузіі "Сухішвілі" назвалі яшчэ восьмым цудам свету. Ён стаў першым ансамблем народнага танца, які выступіў на падмостках славутага міланскага опернага тэатра "Ла Скала". Пасля заключнага танца артыстаў тройчы выклікалі на біс... Аглушальны поспех сустракаў артыстаў ва ўсім свеце — падчас гастроляў на Брадвеі выступленне грузінскага Нацыянальнага балета быў названы лепшым шоу года, а сам калектыў — лепшым балетам Брадвея. У калекцыі "Сухішвілі" — узнагарода каралевы Вялікабрытаніі.
Гэтым калектывам, які атрымаў статус Нацыянальнага балета Грузіі, кіруе ўжо трэцяе пакаленне дынастыі Сухішвілі-Рамішвілі. Што ж так вабіць і зачароўвае знаўцаў прыгожага ў выступленнях калектыву? Адказ просты: ашаламляльная тэхніка выканання, элегантнасць, бездакорны густ, вынаходлівая пастаноўка.
Цікава, што танцоркі ўмудраліся пераапрануцца літаральна за некалькі хвілін перад чарговым выхадам на сцэну, а танцоры падчас выступлення карысталіся сапраўднай халоднай зброяй — шаблямі, аналагічнымі рарытэтным, традыцыйным грузінскім. Паводле слоў мастацкага кіраўніка калектыву Ніно Сухішвілі, тканіны касцюмаў, пакрой — усё аналаг аўтэнтычнага. Словам, лепш адзін раз убачыць — і не забыць ніколі! У Віцебску грузінскі балет дакладна не забудуць.
Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 5 красавіка 2013