Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папярэджвае Дзяржпагранкамітэт аб недапушчальнасці паўтарэння памылак пры ахове дзяржграніцы



Аб гэтым ён заявіў 2 красавіка, прымаючы з дакладам старшыню Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Аляксандра Баечку, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зусім нядаўна сітуацыя ў пагранічным ведамстве ўжо абмяркоўвалася. "Шчыра кажучы, я не магу сёння з задавальненнем адзначыць, што справы там змяняюцца незвычайна і рухаюцца ў лепшы бок. Нямала праблем. Я хацеў бы яшчэ раз абмеркаваць сёння гэтыя праблемы і, калі трэба, прыняць адпаведнае рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што многія пытанні абмяркоўваліся ў час зацвярджэння рашэння на ахову дзяржаўнай граніцы, ставіліся задачы пагранічнаму ведамству на бягучы год.

"Але ёсць вельмі вострыя пытанні, якія нам трэба было б абмеркаваць. Хачу папярэдзіць усіх, і асабліва кіраўніка пагранічнага ведамства: тыя праблемы, па якіх сёння будуць прыняты рашэнні, па недахопах службовай дзейнасці пагранічнага ведамства, паўтарыцца проста не могуць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мяне хвалюе тое, што мы ўжо занадта лаяльныя сёння на граніцы. Больш таго, з`яўляюцца выпадкі беспакаранага перасячэння дзяржаўнай граніцы, і не таму, што мы гэтага не бачым. Бачым, але вельмі лаяльна да гэтага ставімся", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта недапушчальна яшчэ і з таго пункту гледжання, што ва ўмовах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі беларуская граніца з`яўляецца граніцай і гэтых дзяржаў. "Сказаць, што мы не горш ахоўваем сваю граніцу, свой участак, зону нашай адказнасці, чым яны, - не апраўданне. Мы не павінны арыентавацца на горшае. Граніца павінна быць на замку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Аляксандр Баечка далажыў аб мерапрыемствах, якія праводзяцца ў органах пагранічнай службы па ўдасканаленню аператыўна-службовай дзейнасці, і неадкладных мерах, якія былі прыняты па фактах парушэння дзяржаўнай граніцы непасрэдна ў пунктах пропуску.

Прэзідэнт вызначыў стратэгічныя напрамкі развіцця органаў пагранічнай службы. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даў даручэнне распрацаваць праграмы, якія будуць датычыцца ў першую чаргу развіцця тэхнічнага кампанента і пабудовы інтэграванай сістэмы аховы дзяржаўнай граніцы, а таксама завяршэння добраўпарадкавання пагранічнай інфраструктуры. Гэта работа будзе наладжана ў пагранічным ведамстве сумесна з урадам.

2 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/858/20296
Текущая дата: 15.11.2024