Белорусский портал в Казахстане

Праект будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку не прадугледжвае зносу жылых дамоў і дачных кааператываў



Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара па архітэктуры навукова-праектнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "БелНДІП горадабудаўніцтва" Ларыса Смірнова.

Праходзіць грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта "Генеральны план Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку", распрацоўкай якога займаліся спецыялісты УП "БелНДІП горадабудаўніцтва". У аснове гэтага дакумента - канцэпцыя, падрыхтаваная кітайскай кампаніяй IPPR Engineering International Corporation.

"Праект генплана ўзгоднены з міністэрствамі, ведамствамі і не прадугледжвае зносу жылых дамоў і дачных кааператываў. Кожны населены пункт будзе аддзелены ад вытворчай зоны своеасаблівай ахоўнай паласой, зялёнымі насаджэннямі, - адзначыла Ларыса Смірнова. - Землекарыстанне вёсак будзе залежаць ад месца іх размяшчэння. У некаторых з іх з`явяцца шматкватэрныя жылыя дамы, жыллёвая забудова іншых будзе стрымлівацца".

На пачатковым этапе стварэння Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку запланавана будаўніцтва аб`ектаў, якія павінны забяспечыць частковую занятасць насельніцтва. Плануецца, што першапачаткова ў эканоміцы парку будуць заняты каля 25 тыс. чалавек. У перспектыве на яго тэрыторыі змогуць размясціцца амаль 155 тыс. чалавек з улікам тых, хто прыедзе з Мінска і суседніх раёнаў.

У вытворчай зоне індустрыяльнага парку будуць размяшчацца высокатэхналагічныя прадпрыемствы. Сярод вядучых напрамкаў - электронна-інфармацыйная, авіяцыйная прамысловасць, распрацоўка новых матэрыялаў, бія- і нанатэхналогій.

Праект генплана прадугледжвае таксама будаўніцтва адміністрацыйных і службовых устаноў, устаноў культуры, аховы здароўя, адукацыі, навукова-даследчых устаноў, камерцыйных, забаўляльных і аздараўленча-спартыўных аб`ектаў. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца ахове навакольнага асяроддзя, развіццю інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Плануецца рэканструкцыя і будаўніцтва дарог і вуліц. Таксама прадугледжваецца пусціць скорасны трамвай па маршруце Мінск - пасёлак Сокал - індустрыяльны парк - Нацыянальны аэрапорт Мінск.

Паводле слоў Ларысы Смірновай, пасля грамадскага абмеркавання, якое завершыцца 16 красавіка, праект генплана будзе ўносіцца на дзяржаўную экспертызу. Плануецца, што будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку ў Смалявіцкім раёне зойме каля 30 гадоў. Агульная сума інвестыцый складзе $5,6 млрд.

3 красавіка 2013, Мінск
Вера Грамчакова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/858/20333
Текущая дата: 15.11.2024