Белорусский портал в Казахстане

Наведвальнасць беларускіх музеяў за апошнія сем гадоў узрасла на 44%



Наведвальнасць беларускіх музеяў узрастае. Пра гэта сведчыць статыстыка, апублікаваная Белстатам напярэдадні Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая.

Так, у 2012 годзе музеі Беларусі наведалі 5,7 млн. чалавек, што на 44% больш, чым у 2005-м.

Сярод найбольш папулярных беларускіх музеяў — Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" (431 тысяча наведванняў у 2012 годзе), Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" (355,4 тыс.), Гомельскі палацава-паркавы ансамбль (309,2 тыс.), Замкавы комплекс "Мір" (275,5 тыс.) і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (234,9 тыс.).

Зараз у Беларусі працуюць 162 музеі рознага профілю, сярод якіх 43 — гістарычныя, 91 — комплексны, 14 — мастацтвазнаўчыя, 7 — літаратурныя, 7 — галіновыя.

З агульнай колькасці музеяў 21 знаходзіцца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, 27 — Віцебскай, 28 — Гомельскай, 19 — Гродзенскай, 17 — у Мінску, па 25 — у Мінскай і Магілёўскай абласцях.

На канец 2012 года музейны фонд рэспублікі складаў больш як 3 млн. прадметаў. У параўнанні з 2005 годам іх колькасць павялічылася на 347 тыс. прадметаў (на 12,5%).

Летась работнікамі музеяў было праведзена 5,1 тыс. выставаў (у 2,2 разу больш, чым у 2005 годзе), арганізаваныя 135,3 тыс. экскурсій (на 62,8% больш, чым у 2005 годзе).

Сярод краін СНД (апошнія даныя — за 2011 год) Беларусь займае трэцяе месца па колькасці наведванняў музеяў (559 чалавек у разліку на 1.000 насельніцтва). На першым месцы — Арменія (675 чалавек), затым Расія (601).

Найбольшая колькасць экспанатаў у разліку на адзін музей сканцэнтраваная ў музейных установах Арменіі (27,2 тыс.), Расіі (23,1 тыс.), Украіны (21,5 тыс.) і Беларусі (19,1 тыс.).

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 18 мая 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/859/21188
Текущая дата: 29.12.2024