Белорусский портал в Казахстане

Фестываль "Музы Нясвіжа" з`яўляецца візітнай карткай Беларусі



Такое меркаванне выказаў 17 мая на прэс-канферэнцыі ў Нясвіжы, прысвечанай адкрыццю XVlll Рэспубліканскага фестывалю камернай музыкі "Музы Нясвіжа-2013", народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг.

На думку Міхаіла Фінберга, кожны фестываль павінен здзіўляць гасцей перш за ўсё якасцю. "Мы падрыхтавалі ўжо 18 фестываляў, кожны з іх уключаў 5-6 праграм. Гэта вельмі шмат, але за гэтай колькасцю стаіць якасць", - сказаў маэстра. Міхаіл Фінберг звярнуў увагу, што "Музы Нясвіжа-2013" з`яўляецца 163-м фестывалем, які праводзіцца ў малых гарадах. "Нясвіжскае свята паклала пачатак мноству фестываляў у розных кутках Беларусі. Але мы ні разу не паўтарылі праграму не толькі на нясвіжскім, але і на іншых фестывалях", - сказаў маэстра.

Доктар мастацтвазнаўства прафесар Вольга Дадзіёмава назвала Нясвіж адным з цэнтраў музычнай Еўропы. "Фестываль з`яўляецца маштабнай асветнай акцыяй, якая не мае аналагаў у свеце", - растлумачыла яна.

Фестываль адкрыўся спектаклем "Бог ёсць любоў" па п`есе Аляксея Дударава. 17 мая ў рамках фестывалю прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Мастацкая спадчына Нясвіжа: новыя даследаванні" і прэзентацыя кнігі аб культуры Нясвіжа "Шляхам пошукаў і адкрыццяў". Святочныя мерапрыемствы прадоўжыў канцэрт камернага калектыву аркестра. Упершыню на форуме выступілі ансамблі духавых інструментаў. Таксама 17 мая адкрыліся дзве мастацкія выстаўкі. Вечар прадоўжыў канцэрт "Сусветныя мелодыя - у падарунак Нясвіжу".

18 мая фестываль прадоўжыцца ў Нясвіжскім замку, дзе прагучаць творы беларускіх кампазітараў XIX-XX стст. Завершыцца фестываль канцэртам "Лепшая калекцыя папулярных песень".

Арганізатарам фестывалю "Музы Нясвіжа-2013" выступае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры, Мінаблвыканкама і Нясвіжскага райвыканкама.

18 мая 2013, Нясвіж
Наталля Злотнік - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/859/21197
Текущая дата: 29.12.2024