Белорусский портал в Казахстане

Фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест" збярэ ў Гродне калектывы з 8 краін



Аб гэтым паведамілі 13 лютага журналістам арганізатары мерапрыемства.

Фестываль 12-ы раз пройдзе ў Гродне з 27 лютага па 2 сакавіка. Па традыцыі ён арганізуецца ў два туры. Першы адбыўся ў перыяд калядных свят у студзені выключна для прыходскіх хароў Гродзенскай епархіі і стаў самастойным творчым мерапрыемствам. Другі тур, з удзелам калектываў з іншых краін, арганізуецца ў Гродне з шырокім прыцягненнем грамадскасці.

Паводле слоў арганізатараў, на гэты раз акрамя беларускіх калектываў у конкурснай праграме прымуць удзел духоўныя і свецкія калектывы з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Сербіі, Румыніі і Францыі.

Усяго ў заключным туры "Каложскага благавеста" прымуць удзел каля 45 калектываў. У тым ліку царкоўныя хары і ансамблі епархій і раённых цэнтраў, абласных гарадоў, хары свяшчэннаслужыцеляў і духоўных школ, прафесійныя і аматарскія свецкія, дзіцячыя царкоўныя і свецкія калектывы.

Удзельнікі фіналу пакажуць свабодную праграму, якая складаецца з песнапенняў праваслаўнай царквы. Пры гэтым удзельнікі праінфармаваны, што пажадана выбіраць для выканання сачыненні беларускіх аўтараў і мясцовых напеваў, а таксама знаменнага, пуцявога, дзямественнага, кіеўскага, балгарскага або грэчаскага распеваў, і штодзённага песнапення.

Конкурсныя выступленні калектываў ацэньвае прафесійнае міжнароднае журы.

У час фестывалю адбудзецца таксама шэраг культурных мерапрыемстваў: выстаўка з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні, кіналекторый, выстаўкі мастацкіх работ на рэлігійную тэматыку ў Гродзенскай выставачнай зале і ў музеі абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, выстаўка фотаработ "Праваслаўны свет". Акрамя адкрыцця, конкурсных праслухоўванняў і цырымоніі закрыцця фестывалю, запланаваны асобныя канцэрты хору студэнтаў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І.Чайкоўскага (28 лютага), канцэрт Архірэйскага хору Свята-Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора з Парыжа і хору пеўчых стараверскіх прыходаў Сібіры (1 сакавіка).

Упершыню фестываль праваслаўных песнапенняў прайшоў у Гродне ў 2002 годзе і быў прымеркаваны да 10-годдзя адраджэння Гродзенскай епархіі. Назву "Каложскі благавест" ён атрымаў у 2008 годзе. Мерапрыемства праводзіцца з мэтай духоўнага яднання і ўзаемаразумення, папулярызацыі творчасці ў пеўчай праваслаўнай культуры.

13 лютага 2013, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/867/19383
Текущая дата: 15.11.2024