Белорусский портал в Казахстане

У Магілёве стартаваў конкурс эсэ пра будучыню горада



Магілёўская сацыяльна-культурная ўстанова "Рэгіянальнае бюро стратэгіі развіцця і міру" абвясціла конкурс эсэ на тэму "Якім я бачу будучыню нашага горада".

Як паведаміў адзін з арганізатараў мерапрыемства Аляксандр Сілкоў, мэта конкурсу — выявіць праблемы гарадскога жыцця і даць жыхарам горада магчымасць выказаць сваё бачанне будучага Магілёва.

"Мы хочам ведаць, пра што думаюць магілёўцы, як уяўляюць свой горад. Ёсць людзі, у якіх зараджаюцца цікавыя ідэі, але яны часта не могуць прабіцца праз бюракратызм чыноўнікаў", — заявіў ён.

Конкурс праводзіцца па дзвюх намінацыях. У намінацыі "Праблемы і рашэнні" неабходна апісаць праблемы ў жыцці горада, яго эканомікі і прапанаваць магчымыя варыянты іх вырашэння. У намінацыі "Бачанне будучыні" аўтар павінен расказаць, якім ён бачыць горад праз некалькі гадоў, характэрныя асаблівасці Магілёва ў будучыні, якія рэальныя перспектывы і кірункі развіцця горада ўяўляюцца найбольш актуальнымі. Мерапрыемства праводзіцца ў межах падрыхтоўкі да святкавання 436-й гадавіны набыцця Магілёвам Магдэбургскага права.

Як адзначыў Сілкоў, падобны конкурс сачыненняў на тэму "Я люблю Магілёў" "Рэгіянальнае бюро стратэгіі развіцця і міру" праводзіла ў 2012 годзе ў межах грамадскай ініцыятывы "Грамадскі магістрат". "Гэта было прыгожа, але адносілася больш да студэнтаў. Цяпер зразумелі, што трэба выходзіць на шырэйшую аўдыторыю, каб была магчымасць правесці абмеркаванне па акрэсленай тэме, нейкі круглы стол, і спадзяёмся, што ідэі аўтараў знойдуць сваё прымяненне ў будучыні", — сказаў арганізатар конкурсу.

Ахвотныя ўдзельнічаць у конкурсе "Якім я бачу будучыню нашага горада" могуць да канца студзеня дасылаць свае працы на адрас euromogilev@gmail.com. Пераможцаў намінацый чакаюць прызы — лічбавыя фотаапараты.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН
Магілёў, 12 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/875/18884
Текущая дата: 15.11.2024