Белорусский портал в Казахстане

На выставе ў мінскім Чырвоным касцёле прадстаўлены працы беларускіх мастакоў



23 снежня 2012 г., напярэдадні калядных святаў, у касцёле свв. Сымона і Алены размясцілася экспазіцыя. Амаль 40 работ прадставілі для выставы больш за 20 беларускіх мастакоў.

У экспазіцыю ўключаны працы і сусветна вядомых мастакоў нашай зямлі — жывапісца і педагога Аляксея Марачкіна, мастака і скульптара Алеся Шатэрніка, графіка Мікалая Купавы, мастака-жывапісца і педагога Алеся Цыркунова.

Алесь Цыркуноў прадстаўляе на выставе 3 творы. Два арыгінальных партрэты — беларускага каталіцкага святара і паэта Яна Семашкевіча (Янка Быліна) і беларускага кс. Вінцэнта Гадлеўскага.

Трэцяя работа — паменшаная копія абраза «Хрыстос і сірата» вядомага мастака ХІХ ст. Альфрэда Ісідора Рамэра. Арыгінальны абраз знаходзіцца ў камайскім касцёле.

«Гэта ўнікальная работа. Вядома, сам аўтар як мастак і чалавек таксама быў унікальны. Альфрэд Ісідор — паўстанец са славутага шляхецкага роду Рамэраў. Ён, як кажуць, змяніў шаблю на пэндзаль», — адзначыў Алесь Цыркуноў.

«Аўтар прыхаваў тэму твора (абраз «Хрыстос і сірата» — Рэд.) за біблейскім сюжэтам, як напісана ў Пісанні: дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне. Па-сутнасці ж, што такое сірата? Гэта наша Бацькаўшчына, абкрадзеная і пакрыўджаная. А хто пакрыўджаных можа мілаваць і даваць ім надзею на будучыню? Толькі, відаць, Божая сіла», — дадаў Алесь Цыркуноў.

У Беларусі захаваліся толькі два творы Альфрэда Ісідора — абраз у Камаях і так званая Пінская Панна ў катэдры ў Пінску. Па словах Цыркунова, гэтыя творы рэлігійнага зместу захаваліся толькі дзякуючы Касцёлу.

Дольная зала Чырвонага касцёла ўжо не ўпершыню пераўтвараецца ў невялікі музей, дзе экспазіцыі, змяняючы адна адну, дадаюць новы настрой і натхняюць на роздум пра высокае і вечнае.

Дадзеная выстава будзе дзейнічаць на працягу ўсяго студзеня.

Валянціна Грамыка
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Catholiс.by, 24 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/882/18529
Текущая дата: 15.11.2024