Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка прызначыў старшыню канцэрна "Беллеспаперапрам" Уладзіміра Шульгу новым дырэктарам ААТ "Івацэвічдрэў"



Такое рашэнне прэзідэнт прыняў 23 лістапада, наведваючы акцыянернае таварыства.

Аляксандр Лукашэнка адхіліў ад працы генеральнага дырэктара ААТ "Івацэвічдрэў" Барыса Міхнюка. Кіраваць прадпрыемствам і наводзіць парадак на вытворчасці будзе Уладзімір Шульга, які дагэтуль быў старшынёй канцэрна "Беллеспаперапрам", паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Лукашэнку паказалі новы сучасны цэх па вытворчасці драўняна-стружачных і ламінаваных пліт. Вытворчы працэс там поўнасцю аўтаматызаваны і адпавядае самым высокім сусветным стандартам, паведаміла БелТА.

Паводле інфармацыі карэспандэнта дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва, яшчэ па дарозе на прадпрыемства кіраўнік дзяржавы агледзеў з верталёта тэрыторыю старога завода ААТ "Івацэвічдрэў", які размешчаны непадалёк. Нават з паветра прэзідэнт разгледзеў там шматлікія прыклады безгаспадарчасці. Таму пасля наведвання новага цэху ён адышоў ад запланаванай праграмы і накіраваўся на стары завод, дзе выявіў "крайнюю ступень беспарадку" ў многіх вытворчых і бытавых памяшканнях. Паўсюдна былі раскіданыя вытворчыя адходы, смецце, у некаторых памяшканнях былі выбітыя шыбы, не выконваліся элементарныя правілы бяспекі працы.

Размаўляючы з работнікамі гэтага прадпрыемства, якія спыталі, што будзе далей з іх заводам, Лукашэнка сказаў: "Магу дакладна сказаць, такога завода, як цяпер, які месцамі ў сметнік ператварыўся, у вас дакладна не будзе. І гэта зробіце вы, магчыма, з новым дырэктарам. Трэба заўтра ва ўрадзе разгледзець пытанне — Шульгу накіраваць сюды дырэктарам завода, пакуль не навядзе парадак. А старога мы звольнім з заўтрашняга дня, таму што так ніхто не працуе".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 23 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/891/17834
Текущая дата: 16.11.2024