Белорусский портал в Казахстане

Сярэдняя зарплата работнікаў сельскай гаспадаркі Беларусі за верасень склала $369,4



Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Налічаная намінальная сярэднямесячная заработная плата работнікаў сельскай гаспадаркі ў Беларусі за студзень-верасень 2012 года склала Br2547,5 тыс., у тым ліку за верасень - Br3125,2 тыс., або $369,4 у эквіваленце.

За студзень-верасень рэальная заработная плата ў сельскай гаспадарцы вырасла на 23,2 працэнта (у цэлым па рэспубліцы - на 15,4 працэнта).

Паводле слоў намесніка міністра, у верасні бягучага года 11 працэнтаў сельскагаспадарчых арганізацый прымянялі для аплаты працы работнікаў тарыфную стаўку першага разраду ніжэйшую за бюджэтную (Br225 тыс.) і 61 працэнт - роўную бюджэтнай. Пры гэтым 1,4 працэнта сельгасарганізацый маюць тарыфную стаўку першага разраду звыш Br500 тыс.

У Беларусі прадугледжаны меры стымулявання працы спецыялістаў сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, маладым спецыялістам, якія прыбылі на работу ў сельскагаспадарчыя арганізацыі, устаноўлена на працягу першых двух гадоў даплата ў памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай урадам (цяпер - Br225 тыс.). Кіраўнікам і спецыялістам, якія прыбылі на работу ў сельгасарганізацыі і прадаўжалі праз два гады з дня заключэння з імі працоўнага дагавора працаваць у іх на пасадах у адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй (спецыяльнасцю), на працягу наступных трох гадоў праводзіцца даплата ў трохразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду (цяпер - Br675 тыс.). Паспяхова працуючым спецыялістам прысвойваюцца званні з выплатай адпаведнай надбаўкі: "спецыяліст сельскай гаспадаркі 1-га класа" - 50 працэнтаў службовага акладу; "спецыяліст сельскай гаспадаркі 2-га класа" - 30 працэнтаў службовага акладу.

"У мэтах рэалізацыі пастаўленых задач на сучасным этапе развіцця эканомікі мы павінны падтрымліваць і стымуляваць прадпрымальных людзей - ініцыятыўных, думаючых, энергічных, якія могуць і, самае важнае, хочуць дабіцца поспеху ва ўсіх сферах жыцця грамадства, здольных фарміраваць свядомасць работнікаў у духу рыначных адносін, - сказаў Аляксандр Румак. - І гэта павінна рабіцца на трывалым прафесійным фундаменце. Намаганні кіраўнікоў усіх узроўняў кіравання павінны быць накіраваны на ўкараненне эфектыўных сістэм стымулявання высокакваліфікаваных работнікаў, якія спалучаюць матэрыяльныя і маральныя стымулы".

Пры гэтым неабходна забяспечыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, дадаў намеснік міністра. Паляпшэнне ўмоў і аховы працы, павышэнне яе бяспекі - адна з важнейшых задач дзяржавы.

На пачатак 2012 года з 25 тыс. 399 рабочых месц у сельскагаспадарчых арганізацыях на 9 тыс. 122 умовы працы адносіліся да шкодных або небяспечных. На тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасцей, накіраваныя на паляпшэнне ўмоў працы, арганізацыямі камунальнай і прыватнай форм уласнасці за дзевяць месяцаў бягучага года расходавана Br23 млрд. 252 млн. Гэта дало магчымасць прывесці ў адпаведнасць з патрабаваннямі санітарна-гігіенічных нарматываў 398 рабочых месц для 811 працуючых і палепшыць умовы працы на 212 рабочых месцах для 554 працуючых.

8 лістапада 2012, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/894/17497
Текущая дата: 16.11.2024