Белорусский портал в Казахстане

Спецслужбы ўстанаўліваюць характар выбуху, што адбыўся ў раёне беларуска-польскай мяжы



Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі распаўсюдзіў паведамленне аб выяўленні наступстваў выбуху на адным з участкаў беларуска-польскай мяжы.

З яго вынікае, што 5 лістапада каля 3.00 у дзяжурную службу ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці ад прадстаўнікоў Гродзенскай пагранічнай групы паступіла інфармацыя аб парушэнні дзяржаўнай мяжы групай асоб.

Па папярэднім заключэнні памежнікаў, мяжа была парушана "з Беларусі ў Польшчу".

Потым службовыя асобы пагрангрупы паведамілі, што ў раёне нелегальнага пераходу ў ходзе пошуку выяўлены прыкметы выкарыстання выбуховай прылады або прадмета. Характар выбуху ўстанаўліваецца, чалавечых ахвяр на месцы няма, выяўлены прыкметы верагоднага ранення кагосьці з групы парушальнікаў.

Пазней паступіла інфармацыя аб затрыманні на польскім баку сямі асоб з краін Афра-Азіяцкага рэгіёну. Затрыманне было ажыццёўлена па інфармацыі беларускіх памежнікаў.

На месцы здарэння працуе група ўзрыватэхнікаў. Аператыўна-следчай групай праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне асоб, якія маюць дачыненне да падрыву выбуховага рэчыва. Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці сумесна з іншымі праваахоўнымі структурамі ўведзены ў дзеянне план па рэагаванні на тэрарыстычныя і экстрэмісцкія пагрозы.

Нагадаем, як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, ваеннаслужачыя Гродзенскай пагранічнай групы выбылі на спрацоўванне сігналізацыйнага комплексу і на месцы выявілі сляды, якія ішлі ў бок польскай тэрыторыі. Пра парушэнне мяжы былі праінфармаваны польскія памежнікі, якія пазней затрымалі сем нелегалаў — грамадзян В`етнама і Афганістана. Як пазней высветлілася, перасякаючы мяжу, яны перацягвалі адзін аднаго на пакрывале.

Пры даследаванні слядоў, што вядуць углыб тэрыторыі Беларусі, памежнікі ў непасрэднай блізкасці ад лініі мяжы знайшлі дзве варонкі ад выбухаў невядомага паходжання. Паводле наяўнай інфармацыі, вакол варонак былі раскіданы рэшткі адзення і валюты.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 5 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/895/17407
Текущая дата: 16.11.2024