Белорусский портал в Казахстане

ГУБЭЗ МУС прапаноўвае банкам ўвесці для грамадзян за плату паслугу праверкі сапраўднасці валюты



Як паведамілі ў ГУБЭЗ МУС, гэта прапанова ўжо прапрацоўваецца Асацыяцыяй беларускіх банкаў.

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі прапаноўвае банкам увесці для грамадзян за плату паслугу праверкі сапраўднасці валюты.

"У Расіі, ва Украіне і ў Германіі ў выпадку сумнення ў сапраўднасці грамадзяне могуць праверыць валюту бясплатна або з устаноўленай фіксаванай камісіяй. У Беларусі такой практыкі пакуль няма. Тым часам ва ўмовах функцыянавання ценявога рынку наяўнай валюты гэта магло б знізіць колькасць фактаў фальшываманецтва", — гаворыцца ў паведамленні ГУБЭЗ МУС.

Паводле даных міліцэйскага ведамства, з пачатку гэтага года ў Беларусі ў валютчыкаў канфіскавана 1,7 млрд. рублёў у эквіваленце. Больш як 400 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Распачата 27 крымінальных спраў. Такія даныя апублікавала галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС.

У праваахоўных органах адзначаюць, што як толькі частка рынку сыходзіць у цень, адразу ж павялічваецца яго крымінальны складальнік. І наступствы набыцця грошай з рук у перыяд дэфіцыту валюты ў абменных пунктах у мінулым годзе адчувальныя і сёння.

У жніўні мінулага года жыхар Віцебска набыў 14 падробленых стадоларавых купюр. Палову гэтай сумы ён аддаў у якасці доўгу сябру, які даведаўся, што яны фальшывыя, пры звароце ў банк. Калі да даўжніка прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, той зразумеў, што зрабіў глупства, калі ажыццявіў сумніўную здзелку з валютчыкам. Аднак яшчэ пра сем купюр ён палічыў за лепшае прамаўчаць, вырашыўшы кампенсаваць свае страты. Шэсць з іх віцябляніну ўдалося прадаць каля абменных пунктаў гандлёвых цэнтраў, а пры рэалізацыі апошняй ён быў затрыманы.

Аператыўнікі адзначаюць, што фальсіфікаты ў краіну нярэдка прывозяць працоўныя мігранты. Паводле афіцыйных даных, у 2011 годзе прыкладна паўмільёна беларусаў знаходзіліся на заробках за мяжой і толькі з Расіі прывезлі 240 млн. долараў. Адметныя прыкметы валюты вядомыя грамадзянам у меншай ступені, чым беларускіх рублёў, якімі яны штодня разлічваюцца ў магазінах. А таму, атрымліваючы замежныя грошы з рук, рызыка займець фальшыўку ўзрастае ў разы.

Ёсць факты, калі падробкі прымалі да абмену нават супрацоўнікі банкаў. Сёлета зафіксавана 79 такіх выпадкаў. З мэтай звесці іх да мінімуму МУС прапанавала Нацыянальнаму банку распрацаваць навучальную праграму па прафесійнай падрыхтоўцы супрацоўнікаў, якія ажыццяўляюць валютна-абменныя аперацыі, і стварыць сетку навучальных цэнтраў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 5 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/895/17409
Текущая дата: 16.11.2024