Белорусский портал в Казахстане

Партыя імпартных ВК-тэлевізараў больш як на 1,5 млрд. рублёў затрымана мытнікамі ў Мінску



Супрацоўнікамі аператыўна-пошукавага аддзела Мінскай цэнтральнай мытні сумесна з работнікамі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, міліцыі і падатковых органаў канфіскавана буйная партыя дарагіх тэлевізараў замежнай вытворчасці.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта, падчас правядзення спецыяльнага мерапрыемства супрацоўнікамі праваахоўных ведамстваў на складзе, што належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, які ажыццяўляе гандаль праз інтэрнэт-магазіны, былі выяўлены 260 тэлевізараў з ВК- і плазменнымі экранамі фірм LG, Philips, Samsung.

Паводле звестак ДМК, дакументы, што пацвярджаюць легальнасць увозу гэтай партыі тавару і выплату мытных плацяжоў і падаткаў, прадпрымальнік паказаць не змог. Разам з тым аператыўнікі знайшлі паперы, якія сведчаць пра тое, што тэлевізары былі ўвезены ў Беларусь з Польшчы.

Па факце выяўленага правапарушэння праводзяцца праверачныя мерапрыемствы. Увесь тавар папярэднім коштам звыш 1,5 млрд. рублёў канфіскаваны супрацоўнікамі мытні.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 2 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/896/17287
Текущая дата: 16.11.2024