Белорусский портал в Казахстане

Саннікаў папрасіў прыстанішча ў Вялікабрытаніі з-за пагрозы паўторнага арышту



Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў папрасіў палітычнага прыстанішча ў Вялікабрытаніі з-за пагрозы паўторнага арышту ў Беларусі.

"Для мяне гэта было нялёгкае рашэнне, — сказаў Саннікаў у каментарыі сайту "Хартыя`97. — Але, паверце, іншага выйсця не было. Або зноў зведваць катаванні і здзекі ў турме, або сядзець ціхмяным, як вада ў лужыне. Я быў і застаюся беларускім палітыкам. Буду працягваць даносіць праўду пра маю краіну і дабівацца таго, каб былі прыняты канкрэтныя меры дапамогі дэмакратычнай Беларусі. Лічу, што маё рашэнне дапаможа рэальнаму вызваленню маёй жонкі і сына, якія знаходзяцца ў заложніках у рэжыму Лукашэнкі", — сказаў Саннікаў.

Пра тое, што Андрэй Саннікаў атрымаў палітычнае прыстанішча ў Вялікабрытаніі, стала вядома 26 кастрычніка. Калі гэта здарылася, не паведамляецца. "Мы пакуль вырашылі больш нічога не каментаваць. На гэтым этапе так больш бяспечна для нашай сям`і", — растлумачыла жонка Саннікава Ірына Халіп, якая застаецца ў Мінску, таму што паводле прысуду не мае права пакідаць краіну.

Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп былі асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Саннікава прыгаварылі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў, Халіп — да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады (тэрмін пакарання заканчваецца ў маі 2013 года).

Саннікаў і яго давераная асоба на выбарах Дзмітрый Бандарэнка, таксама асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, былі вызвалены 14 красавіка гэтага года пасля таго, як напісалі прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

На прэс-канферэнцыі пасля вызвалення Саннікаў паведаміў, што найбліжэйшыя восем гадоў павінен знаходзіцца пад наглядам міліцыі. Ён сказаў, што яго выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Першамайскага раёна Мінска для пастаноўкі на ўлік. Там Саннікаву прапанавалі напісаць паперу пра тое, што ён азнаёмлены з працэдурамі, якія яго чакаюць у хуткім часе. "Гэта і пытанні аб недапушчальнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, абавязацельствы рэгулярна адзначацца і гэтак далей. Пад такім наглядам я павінен знаходзіцца восем гадоў", — падкрэсліў экс-кандыдат у прэзідэнты.

У верасні пра сваё рашэнне застацца за мяжой аб`явіў Дзмітрый Бандарэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 26 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/899/17104
Текущая дата: 16.11.2024