Белорусский портал в Казахстане

Мясніковіч запрасіў бізнесменаў ААЭ ўзяць удзел у Беларускім інвестыцыйным форуме



Пра гэта ён заявіў 16 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з кіраўніком групы кампаній "Аль Хабтур" (Al Habtoor Group, ААЭ) Халафам аль-Хабтурам, паведаміла прэс-служба ўрада.

Прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч запрасіў бізнесменаў ААЭ узяць удзел у Беларускім інвестыцыйным форуме, які пройдзе ў Мінску 15—16 лістапада.

"Мы вельмі вялікія надзеі звязваем з удзелам бізнесу Аб`яднаных Арабскіх Эміратаў у двух вялікіх мерапрыемствах, якія будуць у нас сёлета", — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Першае з іх — Беларускі інвестыцыйны форум, які плануецца правесці ў лістападзе. "І мы запрашаем вас і вашых калегаў узяць актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве", — сказаў прэм`ер-міністр. Акрамя таго, ёсць дамоўленасць з арабскім бокам аб правядзенні сёлета першага пасяджэння сумеснага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, дадаў Мясніковіч.

"З улікам таго, што ваша кампанія мае ўжо паўвекавы досвед працы ў інвестыцыйнай сферы, мы імкнуліся сфарміраваць і праграму, зыходзячы з вашых інтарэсаў. Таму я лічу, што ваш візіт стане не толькі асабістым знаёмствам з Беларуссю, але і прынясе нейкі сінергетычны эфект, які дазволіць вашым калегам азнаёміцца з тымі магчымасцямі і прапановамі, якія зыходзяць ад Беларусі", — лічыць прэм`ер-міністр.

"Мы ведаем пра ваш вялікі аўтарытэт у вас у краіне і наогул у свеце, і я думаю, што тыя праекты, якія разглядаліся, сапраўды будуць цікавыя для вас і вашых калегаў, — падкрэсліў ён. — Мы будзем вельмі рады вітаць вас і як інвестараў, і як гандлёвых партнёраў, таму што ў нас ёсць вельмі шмат сумесных цікавых праектаў для рэалізацыі".

Халаф аль-Хабтур у сваю чаргу выказаў падзяку беларускаму боку за арганізацыю сустрэчы. Ён паведаміў, што азнаёміўся з некалькімі пляцоўкамі для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

"Я вельмі ўражаны інвестыцыйным кліматам краіны і лічу, што ў Беларусі ёсць велізарны патэнцыял для рэалізацыі мноства інвестыцыйных праектаў", — лічыць ён.

Гаворка ідзе пра сотні мільёнаў долараў і шмат новых працоўных месцаў у Беларусі, адзначыў Халаф аль-Хабтур.

Пры гэтым найбольш прывабнымі для арабскага інвестара ўяўляюцца праекты ў галіне гасцінічнага бізнесу, будаўніцтва офісаў, жылля. Таксама Халаф аль-Хабтур абдумвае пытанне будаўніцтва ў рэспубліцы культурных аб`ектаў, напрыклад, тэатраў.

Група кампаній "Аль Хабтур" ахоплівае розныя сферы бізнесу: будаўніцтва, гасцінічная гаспадарка, продаж аўтамабіляў, нерухомасць, адукацыя, страхаванне і выдавецкую індустрыю. У ёй заняты больш як 40 тыс. чалавек. Будаўнічае падраздзяленне кампаніі з`яўляецца найбуйнейшым забудоўшчыкам на Блізкім Усходзе. "Аль Хабтур" актыўна інвестуе ў замежныя рынкі. Рэалізуе буйныя праекты ў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Ліване, Іарданіі, Катары, Егіпце. Пасля зліцця з аўстралійскай кампаніяй "Лейтан Груп" "Аль Хабтур" пашырыла сферу дзейнасці па такіх кірунках, як энергетыка, дарожнае будаўніцтва, нафтахімія, здабыча карысных выкапняў. Узначальвае групу кампаній "Аль Хабтур" эмірацкі бізнесмен Халаф аль-Хабтур. Ён таксама з`яўляецца старшынёй Дубайскай нацыянальнай страхавой кампаніі і ўваходзіць у склад Эканамічнага савета эмірата Дубай.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 17 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/901/16927
Текущая дата: 16.11.2024