Белорусский портал в Казахстане

Генпракуратура Беларусі і місія БДІПЧ АБСЕ дамовіліся абменьвацца інфармацыяй для спрыяння працы назіральнікаў за выбарамі



У Генеральнай пракуратуры Беларусі 13 верасня адбылася сустрэча генпракурора Аляксандра Канюка з кіраўніком місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі Антоніа Мілашоскі.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, падчас сустрэчы Мілашоскі быў праінфармаваны аб працы органаў пракуратуры па наглядзе за выкананнем законнасці пры падрыхтоўцы да парламенцкіх выбараў у краіне, разглядзе зваротаў зацікаўленых асоб і прынятых па іх рашэннях.

Кіраўнік дэлегацыі паведаміў прысутным пра зробленую місіяй працу па назіранні за парламенцкімі выбарамі і выказаў упэўненасць у далейшым узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай у гэтым пытанні.

Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве Генеральнай пракуратуры з місіяй Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, вызначаны канкрэтныя асобы, якія будуць абменьвацца неабходнай інфармацыяй з мэтай спрыяння працы назіральнікаў за правядзеннем выбараў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/908/16380
Текущая дата: 16.11.2024