Белорусский портал в Казахстане

Покліч над Прыпяццю



Ляскавіцкі фестываль "Кліч Палесся" адспяваў свае мілагучныя песні, весела і рухава адтанчыў, адгаманіў непаўторным палескім шматгалоссем.

Тры дні таму сталіца Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" нагадвала сапраўдную ўзрушаную борць — бясконцыя і стракатыя чароды ўдзельнікаў і гасцей фестывалю ўздоўж набярэжнай, жыватворныя гукі гармонікаў і рытмічныя выстукванні бубнаў і абцасаў па падмостках, усмешкі на загарэлых тварах, большасць з якіх — сапраўдныя паляшуцкія тыпажы. А ўжо строяў якое было зіхаценне!.. Без іх, як ні намагайся, немагчыма ўявіць аблічча ўсёй нашай Беларусі. А тым больш Палесся

Каб больш ведаць і лепш разумець сябе, сваю культуру і яе глыбінныя карані, і праводзіўся другі па ліку фестываль этнакультурных традыцый, які сабраў на набярэжнай аграгарадка Ляскавічы лепшыя і яскравейшыя ўзоры народнай культуры Гомельшчыны і Брэстчыны. У свае гасцінныя падвор`і запрашалі Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі і Хойніцкі раёны. Візітоўкай Брэсцкага Палесся сталі Лунінецкі, Пінскі і Столінскі раёны.

Дарэчы, пра борць. Бадай, толькі палескія рэгіёны могуць сёння з гонарам пахваліцца захаваным старажытнейшым промыслам — бортніцтвам. Нездарма, нібы тыя сцягі, на пачатку "вуліцы" падвор`яў на высозных дрэвах узвышаліся тры калоды — сведкі мінулага і пазамінулага стагоддзяў. І адзін з утульных куточкаў свята быў спецыяльна прысвечаны менавіта гэтай галіне беларускага пчалярства. Як ні дзіўна, бортніцтва нават не збіраецца саступаць сучаснаму пчалярству, і некаторыя бортнікі маюць у сваіх гаспадарках да паўсотні калод.

Наогул, сялянскіх промыслаў дзе-дзе, а на Палессі яшчэ багата. Гэта і ўменне гатаваць смачную традыцыйную ежу, і аздобіць хату ткацтвам і вышываннем, і змайстраваць неабходныя ў сялянскім побыце прылады працы, паляўніцтва і рыбалоўства — найпершых заняткаў колішніх палешукоў. А бондары, ганчары, кашаплёты, кавалі — які кірмаш без іх? У Ляскавічах дэманстраваў сваё ўмельства нават спецыяліст па вырабе... гарэлкі.

Вядома, які кірмаш альбо фестываль без песні? У краіне нямала калектываў, якім нададзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці і якія годна захоўваюць народнае песеннае багацце менавіта палескага рэгіёна. Яны таксама ўдзельнічалі ў свяце. Але па-сапраўднаму яскрава раскрыліся і іншыя, пакуль мала вядомыя захавальніцы колішніх абрадава-бытавых песень. Наўрад ці хто з гасцей і гаспадароў фестывалю заставаўся абыякавы, пачуўшы выступленні фальклорных гуртоў — "Журавінкі" з Іванавай Слабады Лельчыцкага раёна, "Спадчыны" з Нароўлі, дзіцячага ўзорнага аб`яднання "Згадка" з вёскі Мочуль Столінскага раёна і іншых пераемнікаў і носьбітаў палескага песеннага скарбу.

— Мы хочам не толькі выявіць, але і як мага шырэй заявіць пра нашу самабытнасць, нашу духоўную спадчыну, — сказаў адзін з арганізатараў фестывалю "Кліч Палесся", генеральны дырэктар Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" Сцяпан Бамбіза. Ён упэўнены, што шляхам правядзення фестываляў можна не толькі моцна падтрымаць рэгіянальную культуру, але і значна амаладзіць яе захавальнікаў і пераемнікаў.

А ў Ляскавічах тым часам адбылося яшчэ адно вялікае свята: тут адкрыты ўнікальны музей прыроды. Першы гэткага ўзроўню ў краіне — па дызайне, багацці музейнай экспазіцыі і магчымасці адчуць сябе не толькі часткаю прыроды, але ўдзельнікам багатай гісторыі і не менш багатай палескай культуры.

Анатоль Кляшчук
Звязда, 28 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/910/16121
Текущая дата: 16.11.2024