Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адбылася прэзентацыя ілюстраванага выдання Уладзіміра Арлова і Зміцера Герасімовіча "Вялікае Княства Літоўскае"



6 жніўня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прэзентавана ілюстраванае выданне "Вялікае Княства Літоўскае".

У прэзентацыі бралі ўдзел не толькі аўтары — пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Зміцер Герасімовіч, але і вядомыя гісторыкі, навуковы рэдактар кнігі Зміцер Санько.

Выдатна аформлены том — свайго роду працяг выдання Арлова і Герасімовіча "Краіна Беларусь", што выходзіла пяцітысячным накладам і цалкам раскупілася. Кніга пачынаецца матэрыяламі аб суіснаванні балтаў і славянаў на беларускіх землях, а сканчаецца аповедам аб сённяшнім жыцці беларусаў у Літве.

Як адзначыў Уладзімір Арлоў, дзень для прэзентацыі быў абраны невыпадкова — менавіта 6 жніўня Францыск Скарына выдаў першую беларускую друкаваную кнігу. З гэтай нагоды бібліятэка падрыхтавала выставу гістарычнай літаратуры, з якой маглі азнаёміцца наведнікі прэзентацыі.

Нягледзячы на тое што цана выдання складае каля 350 тысяч рублёў, шмат хто з удзельнікаў імпрэзы тут жа набылі яго.

БелаПАН, 6 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/915/15667
Текущая дата: 16.11.2024