Белорусский портал в Казахстане

На навагоднія і калядныя святы міліцыя будзе несці службу ва ўзмоцненым рэжыме



Да арганізацыі грамадскай бяспекі плануецца прыцягнуць прыкладна 19 тысяч супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў, паведамілі ў МУС Беларусі.

Святочныя мерапрыемствы запланаваны больш як у 8 тысячах устаноў культуры, адукацыі, аб`ектаў грамадскага харчавання, культурна-забаўляльных (начных) клубаў.

Сіламі Дзяржаўтаінспекцыі арганізуецца суправаджэнне груп дзяцей, якія накіроўваюцца на транспартных сродках да месцаў святочных мерапрыемстваў.

У гарадах і буйных населеных пунктах прадугледжана кругласутачная ахова правапарадку на тэрыторыях, сумежных з устаноўленымі пад адкрытым небам навагоднімі ёлкамі, і тэрыторыях правядзення калядных і навагодніх кірмашоў. Напярэдадні іх агледзяць разлікі сапёрна-піратэхнічных груп унутраных войскаў МУС.

Месцы святаў з масавым знаходжаннем грамадзян будуць ачэплены мабільнымі турнікетамі з кантрольна-прапускнымі пунктамі для асабістага надгляду з выкарыстаннем як ручных, так і стацыянарных металадэтэктараў. Туды не будуць дапушчаны асобы ў стане ап`янення, з напоямі ў любой тары звыш 0,5 літра, са спіртнымі напоямі і з іншымі забароненымі да свабоднага абароту прадметамі.

Рэалізуецца комплекс мер, скіраваных на папярэджанне і спыненне супрацьпраўных дзеянняў з боку асоб, схільных да ўчынення злачынстваў.

Праводзіцца актыўная праца па выяўленні фактаў незаконнай рэалізацыі піратэхнічных вырабаў, іх канфіскацыі, знішчэнні, а таксама ўстанаўленні каналаў паступлення ў нашу краіну. Ужо выяўлена больш за 150 выпадкаў нелегальнага абароту і выкарыстання піратэхнічных вырабаў, канфіскавана звыш мільёна адзінак выбухованебяспечнай прадукцыі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 26 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/941/11350
Текущая дата: 19.05.2024