Белорусский портал в Казахстане

У 2011 годзе ў Беларусі аб`ём выкідаў забруджвальных рэчываў прадпрыемстваў у атмасферу перавысіў 370 тыс. тон



У 2011 годзе ў Беларусі аб`ём выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад стацыянарных крыніц (прадпрыемстваў, арганізацый і г.д.) склаў 370,9 тыс. тон.

Як паведамляе афіцыйны сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэта, гэта на 1,7% менш у параўнанні з 2010 годам, што абумоўлена зніжэннем долі выкарыстання мазуту ў якасці спальванага паліва. Пры гэтым выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ў параўнанні з папярэднім годам паменшыліся ў Мінску на 16,8%, у Брэсцкай вобласці — на 5,1%, у Віцебскай — на 2,4%, Гродзенскай — на 1,8%. У Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях адзначана павелічэнне выкідаў забруджвальных рэчываў адпаведна на 3,1%, 1,2% і 0,6%.

Найбольшая ўдзельная вага выкідаў забруджвальных рэчываў ад стацыянарных крыніц у агульным аб`ёме выкідаў па рэспубліцы па-ранейшаму прыпадае на арганізацыі Віцебскай вобласці — 25%, найменшы — на арганізацыі Брэсцкай вобласці і Мінска (па 7%). Арганізацыі Гомельскай вобласці ў агульным аб`ёме выкідаў займаюць 23%, Мінскай — 14%, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей — па 12%.

Спіс гарадоў з найбольшымі аб`ёмамі выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад прадпрыемстваў традыцыйна ўзначальваюць Наваполацк, Мінск, Навалукомль, Гродна, Гомель. Пры гэтым у агульнай структуры выкідаў павялічылася ўдзельная вага арганізацый, якія займаюцца апрацоўчай прамысловасцю, — ад 50 у 2010 годзе да 51% у 2011-м, а таксама сельскай гаспадаркай, паляваннем і лясной гаспадаркай — з 13% у 2010 годзе да 18% — у 2011-м. Паменшылася ўдзельная вага арганізацый, якія займаюцца вытворчасцю і размеркаваннем электраэнергіі, газу і вады — з 24% да 19%.

Паводле даных Белстата, у структуры выкідаў забруджвальных рэчываў ад прадпрыемстваў найбольшую ўдзельную вагу мае аксід вугляроду — 19,9%, неметановыя лятучыя арганічныя злучэнні — 18,1%, вуглевадароды — 17,2%, дыяксід азоту — 14,2%, дыяксід серы — 11,9% і цвёрдыя рэчывы — 10,7%.

Паводле інфармацыі Белстата, у Беларусі прыкладна 90% забруджвальных рэчываў, якія адыходзяць ад стацыянарных крыніц, улоўліваюцца і абясшкоджваюцца газаачыстнымі устаноўкамі. Так, у 2011 годзе ў цэлым па рэспубліцы ўлоўлена і абясшкоджана 88,3 % забруджвальных рэчываў, у тым ліку 98,5% цвёрдых і 27,3% газападобных і вадкіх. Пры гэтым у Мінскай вобласці ў 2011 годзе ўлоўлівалася і абясшкоджвалася 97% забруджвальных рэчываў, Магілёўскай — 93%, Гродзенскай — 88%, Брэсцкай — 83%. У іншых рэгіёнах улоўлена і абясшкоджана ад 57% да 68% забруджвальных рэчываў ад прадпрыемстваў.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 17 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/956/12794
Текущая дата: 18.11.2024