Белорусский портал в Казахстане

Два тыдні тэставых іспытаў



Як паведамляе прэс-служба Міністэрства адукацыі, у Беларусі зацверджаны графік правядзення ў 2012 годзе цэнтралізаванага тэсціравання.

Традыцыйна ЦТ стартуе са здачы абітурыентамі тэста па беларускай мове (13 чэрвеня). 14 чэрвеня абітурыенты будуць здаваць рускую мову, 16 чэрвеня — біялогію, 17 чэрвеня — матэматыку, 19 чэрвеня — грамадазнаўства, 20 чэрвеня — хімію, 21 чэрвеня — сусветную гісторыю найноўшага часу, 23 чэрвеня — фізіку, 24 чэрвеня — гісторыю Беларусі, 26 чэрвеня — замежныя мовы і 27 чэрвеня — геаграфію. Рэгістрацыя для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні распачнецца 2 мая і будзе доўжыцца да 1 чэрвеня ўключна.

Для абітурыентаў, якія па ўважлівай прычыне прапусцілі цэнтралізаванае тэсціраванне ў асноўны дзень, прадугледжаны рэзервовы дзень — 4 ліпеня. Але здаць у рэзервовы дзень можна будзе толькі адну дысцыпліну. Пунктамі рэгістрацыі абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень вызначаны Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. Сухога, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень трэба будзе звярнуцца ў гэтыя ВНУ з 27 чэрвеня па 1 ліпеня для рэгістрацыі. Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх вучэбных прадметах у рэзервовы дзень стане Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Надзея Нікалаева
Звязда, 14 сакавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/957/12720
Текущая дата: 18.11.2024