Белорусский портал в Казахстане

Пераможцы Агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове атрымаюць прызы



Іх уручыць тэлеканал “Белсат”. Што праўда, самі прызы трымаюцца ў сакрэце. Іх абвесцяць напярэдадні напісання дыктоўкі, якая адбудзецца 21 лютага.

Дакладней, гэта будзе толькі першы яе этап. Наступныя два запланаваныя на 15 і 25 сакавіка. Дыктоўку традыцыйна арганізоўвае Таварыства беларускай мовы.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа: "Нашая мэта – заклікаць людзей да дыктоўкі, даць ім тэксты, а далей ужо ідзе вольны валанцёрскі рух".

Дыктоўка валанцёрская, а значыць пісаць яе можна не толькі на сядзібе ТБМ, на ўроках літаратуры, слухаючы радыё або ўключыўшы «Белсат», але і зладзіўшы дыктоўку разам са сваімі блізкімі ды сябрамі.

Дыктоўку можна будзе напісаць і праз інтэрнэт. Відэадыктоўка, прачытаная славутаю беларускаю тэлевядучай Зінаідай Бандарэнкай, будзе размешчаная на сайце “Белсату”.

Сёлетнюю дыктоўку арганізатары прысвяцілі юбілеям трох беларускіх літаратараў: Максіма Танка, Якуба Коласа і Янкі Купалы. Тэксты прапаноўваюцца на выбар – гэта праграмны верш Максіма Танка і малавядомы ліст Янкі Купалы.

Мовазнаўцы Зміцер Саўка зазначае: "Дыктоўка – гэта арыгінальны спосаб заявіць пра ненармальнасць сітуацыі. Калі б у нас беларуская мова займала належнае месца ў штодзённасці, то, відаць, людзі б «пісалі дыктоўку» штодня. Інакш кажучы, яны запаўнялі б нейкія бланкі, яны пісалі б штосьці сваім калегам. А тут мы паказваем, што мала беларускай мовы ў штодзённасці, мала мы ёй карыстаемся. Давайце рабіць гэта часцей. І вось наўмыснасць такога, у пэўным сэнсе бессэнсоўнага дзеяння напаўняе яго не фармальным, а сімвалічным сэнсам".

МЫ, 16 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/963/12351
Текущая дата: 18.11.2024