Белорусский портал в Казахстане

Дзе жыве Мамурык?



Пра гэта можна было даведацца... у кнігарні.

Крама № 13 Белсаюздрука, што ў пераходзе да мінскай станцыі метро "Плошча Перамогі", кожны чацвер прымае гасцей. Сярод іх — знакамітыя беларускія паэты і пісьменнікі.

На мінулым тыдні ў кнігарні адбылася прэзентацыя штотыднёвіка "Літаратура і мастацтва". Пра стан сённяшняй беларускай літаратуры распавядала пісьменніца і спецыяльны карэспандэнт газеты Раіса Баравікова. А падтрымаць выступоўцу прыйшлі супрацоўнікі і галоўны рэдактар газеты "Літаратура і мастацтва" Таццяна Сівец, паэт Юрый Сапажкоў.

Раіса Андрэеўна з задавальненнем расказала прысутным, як узнікла назва планеты Мамурыя, дзе жыве галоўны герой твора "Аповесць пра міжпланетнага пажарніка" Мамурык.

— Я адштурхнулася ад слова "мама", "мамурык". Планета Мамурыя недзе там, у космасе, бо ўсё ад мамы ў жыцці.

Усмешку выклікала цікавая рэч, з якой падзялілася пісьменніца. Аказалася, што ў Раісы Андрэеўны жывуць два каты ды тры кошкі — Жэнька, Федзька, Волька, Надзька і мама Люся. Дык сюжэт для новай казкі якраз і падказаў кот Федзя. "Ён у нас рамантык, летуценнік, так тоненька мяўкае. І вось муж аднойчы вывеў яго на павадку, таму што, калі выязджаем на дачу, на сядзібу, там хапае вясковых катоў, трэба ката трымаць, каб не збег. А на вялікі куст бэзу раптам сабраліся вераб`і (напэўна, з усёй мясцовасці) і як пачалі ціўкаць! Яны абсмяялі Федзьку, які быў на павадку, бо звычайна ж птушкі баяцца катоў, а тут наадварот... Называецца казка "Кот на паляванні", — расказала пісьменніца.

Дарэчы, у краме №13 на кніжных паліцах размясціліся не толькі навінкі выдавецтва "Літаратура і Мастацтва", але і "Мастацкай літаратуры", "Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі", "Вышэйшай школы"...

Дар`я Шоцік
Звязда, 31 студзеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/969/11987
Текущая дата: 18.11.2024