Белорусский портал в Казахстане

Па беларускую кнігу — у «Белсаюздрук»



Новая крама "Белсаюздрука" ў падземным пераходзе каля станцыі метро "Плошча Перамогі" прапануе не толькі газеты і часопісы, але і лепшыя кнігі ўсіх беларускіх дзяржаўных выдавецтваў.

Месца выбралі ўдалае. Тут заўжды шмат людзей. За некалькі пераднавагодніх дзён працы ўжо прадалі кніг на суму каля 30 мільёнаў рублёў. Патрабавальнага чытача стэнды выдавецтваў парадуюць даўно вядомымі творамі і новымі здабыткамі беларускай літаратуры ў якасных прыгожых пераплётах. Турыста, які шукае адмысловы сувенір з нашай краіны, — альбомамі з яркімі фотаздымкамі. Эрудыт можа знайсці цудоўна аформленыя энцыклапедыі. І для тых, хто шукае беларускія казкі для малых ці захапляльныя гісторыі для падлеткаў, у краме таксама ёсць спецыяльны стэнд.

Падчас афіцыйнага адкрыцця, якое адбылося 12 студзеня, міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі адзначыў, што адкрыццё гэтай крамы — сімвалічны жэст, прымеркаваны да Года кнігі, які аб`яўлены сёлета:

— Хацелася б, каб такіх крам адкрывалася больш па ўсёй краіне, і асабліва — у рэгіёнах. Бо калі ў Мінску праблем з кніжным гандлем няма, то там некаторыя цяжкасці адчуваюцца. Сённяшняе мерапрыемства прымеркавана да Года кнігі. Беларусы ў Еўропе і на постсавецкай прасторы — адна з самых чытаючых нацый: 4-4,5 кнігі прыходзіцца на аднаго жыхара Беларусі. Сёння ў стадыі распрацоўкі знаходзіцца шэраг заканадаўчых актаў, прыняцце якіх будзе спрыяць падтрымцы выдання кнігі на ўсіх яго этапах.

Каб павысіць цікавасць чытачоў да беларускай кнігі, на гэты год таксама запланаваны шматлікія мерапрыемствы: навукова-практычныя канферэнцыі, літаратурныя чытанні, удзел у міжнародных кніжных выставах у Маскве, Вільнюсе, Варшаве, Франкфурце, Кіеве, Ашхабадзе.

Ганна Сяргеева
Звязда, 13 студзеня 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/971/11870
Текущая дата: 18.11.2024