Белорусский портал в Казахстане

Usеbеlаrusу.bу - ад "Бабулінага гладыша"



У Магілёве ААТ "Бабулін гладыш" прадставіла журналістам новы ўсебеларускі інтэрактыўны беларускі партал.

Заходзьце на Usеbеlаrusу.bу і пачынайце вывучаць гісторыю Беларусі альбо асвяжыце памяць пра яе выдатных людзей.

Па-інтэрнэтнаму сціслыя артыкулы з добрымі ілюстрацыямі на галоўнай старонцы: "Вытокі" — успаміны ветэранаў і дакументы ваенных часоў: расповеды пра Казіміра Малевіча і Марка Шагала ў "Тутэйшых"; анонсы выстаў і імпрэз — гэта рубрыка "Культура, мастацтва"; Белавежская пушча і Мірскі замак ацаніце ў "Краяглядах".

А калядны тэст для беларусаў ад "Бабулінага гладыша" на сайце запрашаюць прайсці сумленна, без дапамогі пашукавікоў. А чаму б і сапраўды сябе не праверыць: што вы ведаеце пра Барбару Радзівіл, Крыж Еўфрасінні Полацкай, Нясвіжскі палац і калядныя сімвалы?

Увогуле місія партала аб`яўлена такая: паказаць беларусам, што нам ёсць чым ганарыцца. Прычым Usеbеlаrusу.bу працуе ў інтэрактыўным рэжыме і з`яўляецца пляцоўкай для народнай журналістыкі. Аўтарам можа стаць любы чалавек (незалежна ад узросту, рэлігіі і ўзроўню адукацыі), які напіша, напрыклад, пра сваіх продкаў і вядомых людзей альбо пра сваю малую радзіму і цікавыя мясціны ў Беларусі.

— Ствараецца фактычна беларуская Вікіпедыя, — сказала дырэктар Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій "Саціа" Жанна Грынюк. — Давайце разам вандраваць па Беларусі, думаць пра Беларусь, пісаць пра Беларусь!

ААТ "Бабулін гладыш" выступіў галоўным карпаратыўным партнёрам партала. Таму менавіта на гэтым магілёўскім прадпрыемстве адбылася прэзентацыя.

У фае "Бабулінага гладыша", разам з узнагародамі і граматамі прадпрыемства, размясцілася выстава "Дакраніся да вытокаў". У ёй бралі ўдзел некалькі дзясяткаў работнікаў, ад спецыялістаў і бухгалтараў да... генеральнага дырэктара. Дзіцячыя і юнацкія здымкі Ігара Кананчука і памятнае фота першамайскай дэманстрацыі савецкага ўзору.

— Я нарадзіўся ў Беларусі, у горадзе Клімавічы, — так растлумачыў кіраўнік "Бабулінага гладыша" Ігар Кананчук цікавасць свайго прадпрыемства да стварэння партала "Усе Беларусы". — Шмат жыў і працаваў у райцэнтрах беларускай глыбінкі. Усё, што звязана з нашай роднай краінай, безумоўна, дарагое і каштоўнае для нас. Вытокі ідуць ад нашых продкаў, і не ведаць сваю гісторыю — гэта, я ўпэўнены, прыкра. Давайце раскажам пра яе!

Супрацоўнікі "Бабулінага гладыша" расказалі пра гісторыі сваіх сем`яў — старымі і новымі фотаздымкамі. Ад старадаўніх фота бабуль і дзядуляў — да сучасных каляровых партрэтаў дзяцей і ўнукаў. "Нас усіх аб`ядноўвае цікавая і глыбокая гісторыя", — такія вялікія высновы атрымаліся ад маленькай, але вельмі важнай выставы.

— Нашы людзі падышлі да гэтага творча: знайшліся нават цікавыя дакументы, ледзь не да адлюстравання жыцця ў зямлянках, — працягвае Ігар Кананчук. — Што ж, жыццё не стаіць на месцы, а імкліва рухаецца наперад. Але калі не ведаеш гісторыі, немагчыма ацаніць цяперашнія перамены ў жыцці: за дзясятак гадоў развіцця мабільнай сувязі, напрыклад, скокнулі ад вялізнай прымітыўнай трубы да маленькіх апаратаў з мноствам функцый.

Уласна кажучы, сёння свой крок ад прымітыўнага да найноўшага ў маркетынгу робіць і "Бабулін гладыш", становіцца лідарам у гэтай сферы за кошт стварэння сучаснай рэкламы. Жанна Грынюк публічна паціснула руку генеральнаму дырэктару прадпрыемства Ігару Кананчуку за гэты ўчынак:

— Гэтая методыка распрацавана ў нас, у Беларусі: не проста рэклама прадукцыі ў лоб і нават не спонсарства, а рэклама новага тыпу — прыцягненне людзей у сацыяльна важны праект, і ўжо праз гэта выхаванне лаяльнасці да прадукцыі прадпрыемства. "Усе Беларусы" — гэта інтэрактыўная пляцоўка для людзей, каб яны самі пісалі пра сваю Беларусь, як яны яе бачаць і адчуваюць.

— Праект сапраўды актуальны і важны, — падсумаваў генеральны дырэктар ААТ Ігар Кананчук. — Спадзяёмся, што ён будзе не менш цікавы для людзей за папулярныя цяпер сацыяльныя сеткі. Забываюцца школьныя веды, і мы не зусім валодаем сваёй гісторыяй, не ведаем усіх сваіх герояў. А трэба! Таму праект знойдзе сваё месца ў жыцці беларусаў.

Сёння артыкулы друкуюцца на беларускай мове. Літаральна праз некалькі тыдняў з`явіцца старонка на рускай мове, а потым — пераклады на англійскую, нямецкую і польскую мовы.

Са студзеня 2012 года партал на Usеbеlаrusу.bу аб`яўляе конкурсы "Я нарадзіўся тут" і "Дакраніся да вытокаў". Удзельнікам абяцаюць у падарунак унікальныя выданні пра Беларусь. Так што падхоплівайце актуальны слоган: "Вандруем па Беларусі. Вывучаем Беларусь. Пішам пра Беларусь разам".

І працуем для Беларусі, дадаюць на "Бабуліным гладышы". Год 2011-ы быў удалым для гэтага прадпрыемства. Сёння ААТ вырабляе больш за 300 найменняў малочнай прадукцыі, на якія атрыманы еўрапейскія сертыфікаты якасці. Павялічваецца экспарт. Тут зараз працуюць 2200 работнікаў, якія выконваюць галоўную задачу: вырабляць якасную і смачную прадукцыю для людзей.

— Новы год павінен прынесці нам толькі добрае, — упэўнены кіраўнік "Бабулінага гладыша" Ігар Кананчук. — У кожнага чалавека, вядома, у жыцці і на працы здараюцца нейкія негатыўныя моманты, але няхай яны ўсе застаюцца ў годзе, які сыходзіць цяпер ад нас. А ў новы год пяройдзе ўсё самае лепшае. Гэта моцнае здароўе, шчасце, поспехі і ўсё найлепшае. Нашы людзі гэтага вартыя.

Ілона Іванова
Звязда, 29 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/976/11422
Текущая дата: 18.11.2024