Белорусский портал в Казахстане

Сімвалам 2012 года ў Беларусі стаў чорны стрыж



Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" вызначыла птушкай 2012 года чорнага стрыжа, паведаміў спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін.

Гэтую маленькую птушачку заслужана называюць уладаром нябёсаў, бо большую частку жыцця яна праводзіць менавіта ў паветры. Стрыжы лічацца, бадай, лепшымі летунамі ў свеце. Спецыялісты падлічылі, што стрыж можа часам развіваць хуткасць каля 112 км.

Чорны стрыж мае цёмна-буры колер са светлым горлачкам, вельмі доўгія серпападобныя крылы і кароткія лапкі. Ён крыху большы за ластаўку, але зусім не можа рухацца пехатой па роўнай паверхні. Роднае асяроддзе стрыжоў — паветра, бо яны нават здольныя спаць у палёце.

У Беларусі чорныя стрыжы амаль заўсёды жывуць побач з людзьмі ў гарадах і вёсках. У гарадах стрыжы ўпэўнена займаюць сваю экалагічную нішу, бо харчуюцца выключна насякомымі, якія лятаюць. Гняздуюцца стрыжы звычайна ў шчылінах вышынных будынкаў, аднак часам узнікаюць праблемы ў суіснаванні птушак з людзьмі, калі падчас рамонту і рэканструкцыі дамоў такія птушыныя "хрушчоўкі" знікаюць. Таму цяпер усё часцей беларускія арнітолагі пачалі вырабляць штучныя "інтэрнаты" для стрыжоў.

Голасам стрыжоў з`яўляецца даволі моцны свіст або, хутчэй, пранізлівы віск. Калі гэтыя птушкі невялікімі чародкамі ляцяць дамоў, то заўсёды вішчаць і пішчаць.

Эксперты АПБ падлічылі, што ў Беларусі летам налічваецца прыкладна 140—160 тысяч пар чорных стрыжоў. Налета кіраўніцтва АПБ плануе арганізаваць разнастайныя ўлікі і спецыяльныя назіранні за стрыжамі. Ужо цяпер дзейнічае акцыя, калі ўсе аматары прыроды могуць паслухаць голас стрыжа нават зімой. Дзеля гэтага трэба адправіць кароткі нумар 0841, і да вас прыйдзе бясплатная спасылка на рэалтон з гукамі цёплага лета — галасамі стрыжоў.

Сяргей Куркач
Звязда, 24 снежня 2011
24 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/978/11333
Текущая дата: 18.11.2024