Белорусский портал в Казахстане

На чарговым X з`ездзе КПБ прыняла новую рэдакцыю партыйнай праграмы



Сабраўшыся ў Цэнтральным Доме афіцэраў, камуністы "зверылі гадзіннікі". Ацанілі зробленае і распрацавалі далейшую стратэгію.

"Галоўнай задачай для Камуністычнай партыі Беларусі застаецца актыўнае супрацьдзеянне ўмяшанню ва ўнутраныя справы краіны", адзначыла першы сакратар ЦК КПБ Таццяна Голубева, выступаючы з палітычнай справаздачай за папярэдні перыяд. Аналізуючы сацыяльна-эканамічную сітуацыю, яна выразіла ўпэўненасць, што "клопат дзяржавы пра людзей дазваляе мінімізаваць і стрымліваць уплыў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу на беларускую эканоміку".

Адна з 14 прадстаўнікоў КПБ у парламенце, дэпутат Валянціна Лявоненка ўпэўнена, што новая рэдакцыя праграмы — адказ на патрэбы часу:

— Раней пастаўленыя задачы сябе вычарпалі. Свет імкліва змяняецца, і праблемы, звязаныя з глабалізацыяй, змушаюць усіх перабудоўваць сваю працу.

У праграме, на думку парламентарыя, даецца ўзважаная, вывераная і абгрунтаваная характарыстыка сучаснага свету, месца краіны ў ім і "задачы, якія ставіць партыя перад намі". Сярод такіх дэпутат назвала ўмацаванне дзяржавы з улікам народаўладдзя, падтрымку сацыяльна адказнага бізнэсу. "Мы прапануем аднавіць прагрэсіўную шкалу падаткаабкладання як найбольш адпаведную прынцыпу сацыяльнай справядлівасці", — дадае В. Лявоненка. Яна акцэнтуе цвёрды намер камуністаў захаваць бясплатную адукацыю і ахову здароўя. Інакш "мы страцім усе гэтыя заваяванні, — тое, за што камуністы змагаліся ўсё жыццё, — і абяздолім людзей". Шляхі да вырашэння ўсіх канфліктаў партыя прапануе шукаць выключна ў межах прававога поля. "Мы за павагу да закона, — выражае В. Лявоненка думку ўсіх камуністаў, — і лічым, што сёння кошт гвалтоўнага вырашэння канфліктаў для грамадства вельмі вялікі. У нашы планы не ўваходзіць разгойдванне лодкі".

У адказ на абвінавачванні КПБ у дзяржаўнай ангажаванасці спадарыня Лявоненка зазначае: "Так, мы ставім на першае месца дзяржаву, бо стагоддзямі беларускі народ дамагаўся сваёй дзяржаўнасці. І сёння ў свеце, які глабалізуецца, ставіць інтарэсы адной асобы вышэй за нацыянальны інтэграваны інтарэс нельга. Арабская вясна паказала: калі рабіць упор на інтарэсах асобы на шкоду дзяржаве, мы можам страціць яе". Таму трэба ўмацоўваць дзяржаўнасць і служыць сваёй Бацькаўшчыне, рэзюмуе парламентарый ідэйныя напрацоўкі калег па партыі.

Зоя Варанцова
Звязда, 20 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2/979/11312
Текущая дата: 18.11.2024